Тамара Шчапёткіна: Улада жадае закрыць мне рот (абноўлена)
Журналіста-фрылансера Тамару Шчапёткіну выклікалі ў міліцыю і склалі два пратаколы.
Мяркуецца, што выклік звязаны з абнародаваннем ў СМІ знішчэння свінафермы “Сухое”.
РР: Раскажыце, калі ласка, за што на вас склалі пратаколы?
– Склалі два пратаколы за працу без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя. За артыкулы, якія былі апублікаваныя яшчэ 6 ліпеня – артыкул „Крамы мінімаркет Еўраопта крочаць у вялікія вёскі”. Загадчыца сказала: „Прыйшла жанчына 50-ці гадоў, яна сябе не назвала, дзе будзе размяшчаць матэрыял не назвала, але пыталася, які ў нас тавар. Пагаварыла са мной, а потым пагаварыла з наведвальнікамі крамы. Сказала, што будзе размяшчаць гэта ў інтэрнэце”. Другі артыкул складзены за інфармацыю „Якое дачыненне мае Валерый Чкалаў да беларускай вёскі?”. У Першамайскім стаіць помнік Чкалаву, каля вакзала. Былы настаўнік і камуніст Базарэўскі сказаў: „Прыйшла жанчына 40 гадоў. Яна спытала мяне пра помнік. Яшчэ спытала пра тое, як нам жывецца. Я адразу падумаў, што яна правакатар. Гэта была Тамара Шчапёткіна”. Я не назвала сваё прозвішча, але пра гэта напэўна сказалі. Напэўна ўжо падышла чарга мяне караць. Апошні раз мяне каралі ў лістападзе 2017 года, калі мяне пакаралі штрафам. Цяпер не ў гэтых артыкулах прычына, проста пасля таго, як выйшла інфармацыя пра тое, што знішчылі ферму „Сухое” ў Іванаўскім раёне, так хутка за два тыдні 45 тысяч здаровых свіней знішчылі, вось яны цяпер і шукалі. Насілі мае партрэты, паказвалі, пыталі дзе мой тэлефон узялі, хто мяне туды выклікаў. Тыя артыкулы былі толькі нагодай таму, што яны знайшлі людзей, якія згодныя сведчыць у судзе супраць мяне. Калі б гэта было за артыкулы, то ўсё было б раней, бо першы артыкул выйшаў 6 чэрвеня, а сёння 16 ліпеня. У чацвер яны прычапіліся да свінарак, абшуквалі іх там у аўтобусе, а ўжо ў суботу мне прынеслі позву. Адзінае жаданне ўлады – закрыць мне рот, каб я сядзела ціхенька і не рыпалася. Я думаю, што трэці пратакол будзе на падыходзе – гэта ўжо мне „прыклеяць” ферму „Сухое”.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Міліцыя запужвае свінарак свінафермы “Сухое” ў Іванаўскім раёне. Калі свінаркі, якія яшчэ працуюць, вярталіся з працы дадому, службовы аўтобус быў спынены і ў яго зайшлі два міліцыянты з патрабаваннем паказаць сумкі. Затым дасталі партрэт Тамары Шчапёткінай і сталі дапытваць, ці гэта тая журналістка, якая да іх прыязджала, расказваюць жанчыны:
– Супрацоўнікі міліцыі, двое – мужчына і жанчына, нават не прадставіліся хто яны, зайшлі ў аўтобус, сумкі правяралі. Людзі пачалі абурацца, тады яны сказалі, што маюць права затрымаць аўтобус на 3 гадзіны. Паказвалі фотаздымак журналісткі. Пыталіся, дзе яе нумар тэлефона ўзялі. Распытвалі, хто да яе званіў? Ці ёсць тут тыя, хто выступалі па відэа? Сказалі, што няма нікога.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Беларускае Радыё Рацыя
