Тамара Сялюн працягвае дамагацца сваёй праўды ў судах
15-га красавіка ў Гарадзенскім абласным судзе разгледзяць касацыйную скаргу Тамары Сялюн. Раней жанчына атрымала адмову з Ленінскага суда Гародні, у які скардзілася на дзеянні Дэпартаменту выкання пакаранняў. Прыгадаем, што амаль год таму расстралялі Паўла Селюна, прыкладна праз месяц маці даслалі яго спецвопратку, асабістыя ж рэчы Паўла яна атрымала толькі ў жніўні праз суд. Як кажа каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, падобныя звароты маці расстраляных робяцца ў межах стратэгічных цяжбаў:
– Гэтыя стратэгічныя цяжбы накіраваныя не толькі на тое, каб паведамілі месца пахавання іх сыноў, а таксама накіраваныя на змены ў нацыянальным заканадаўстве ў гэтым кантэксце, важна імплементаваць міжнародныя нормы ў нашае нацыянальнае заканадаўства. То бок стратэгічна мы ў межах кампаніі, напрыклад, гаворым і пра тое, што трэба ўводзіць мараторый як першы крок для адмены смяротнага пакарання, гэта такое шырокае пытанне, але і ў больш вузкім кантэксце гаворым пра тое, што трэба прыадчыняць вось гэтую завесу сакрэтнасці, якая існуе ў пытанні смяротнага пакарання.
І праваабаронцы, і родныя асуджаных да смяротнага пакарання дамагаюцца зменаў заканадаўства ў Беларусі, – кажа Андрэй Палуда. У прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што нявыдача цела пакаранага яго родным, а таксама непаведамленне пра месца яго пахавання – гэта своеасаблівае катаванне родных і блізкіх асуджаных.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя