Тамара Сяргей: 100 чалавек – на прыём са скаргамі. Пра што гэта сведчыць?
Грамадзяне патрабуюць, каб чыноўнікі іх нарэшце пачулі. Парадку 100 чалавек прыйшло на прыём да Кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай. Людзі фактычна занялі будынак адміністрацыі Першамайскага раёна Менска, дзе вядзецца прыём.
Калі столькі людзей жадаюць трапіць на прыём да кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта сведчыць пра тое, што дзяржаўная сістэма не працуе, кажа юрыст і праваабаронца, актывіст грамадзянскай ініцыятывы “супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” Тамара Сяргей.
– І тое абяцанне, якое ў 1994 годзе Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў народу, што яму спатрэбіцца не шмат часу, каб стварыць дзяржаўную сістэму для таго, каб ён выканаў свае перадвыбарныя абяцанні і для таго каб разбірацца і вырашаць праблемы народа, мы бачым, што гэтае абяцанне было не выкананае, таму што гэтыя 100 чалавек гавораць самі за сябе.
Са словаў Тамары Сяргей, вельмі важна, каб людзі разумелі што толькі ад іх залежыць рашэнне іх праблем і ні ад каго больш. І колькасць такіх людзей ужо вельмі шмат, пра што сведчыць колькасць людзей, якія прыйшлі на прыём да Кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя