Грамадзяне не трапілі да Лукашэнкі (абноўлена)
Спецслужбы выдалілі з плошчы Незалежнасці ў Менску каля 10 грамадзянаў, якія спрабавалі перадаць свае скаргі на суды і пракуратуру кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Абышлося без затрыманняў.
„Лукашэнка выступіў з чарговым зваротам да народу і парламенту Беларусі. Аднак голас канкрэтных прадстаўнікоў народу пачуць не захацеў”, – кажа юрыст Тамара Сяргей. Ужо ў чацвёрты раз грамадзяне паспрабавалі ў дзень традыцыйнага звароту Лукашэнкі сустрэцца з ім:
– У нас 41-шы калектыўны зварот да Лукашэнкі, але дагэтуль адказаў на свае пытанні мы не атрымалі. Я бы хацела звярнуць увагу на яго словы, якія ён сказаў у 2014 годзе: “Мы адкрытыя для любога дыялогу. Шчыры грамадскі дыялог – гэта самая надзейная гарантыя ад расколу і смуты”. Але гэта толькі словы.
Але на справе звароты, з якімі грамадзяне неаднаразова звярталіся да Лукашэнкі, застаюцца без адказу.
„Праблемы, а пераважна гэта праблемы адпісак з суду і пракуратуры, мы не можам вырашыць”, – падкрэсліла Тамара Сяргей.
Хоць прадстаўнік службы аховы ўзяў копію звароту грамадзянаў, але гарантый, што дакумент будзе перададзены па прызначэнню, няма. Таму сам зварот будзе накіраваны да Лукашэнкі па пошце.
* * *
Нагадаем, што Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда пакінула без задавальнення скаргу грамадзян, якія аспрэчваюць дзеянні Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Па словах юрыста Тамары Сяргей, кіраўніцтва гэтай установы неаднаразова адмаўляла гэтым грамадзянам, правы якіх былі груба парушаны, у асабістым прыёме. Зварот да кіраўніка дзяржавы ўвогуле застаўся без адказу. Таму грамадзяне звярнуліся са скаргай на дзеянні адміністрацыі ў суд Ленінскага раёна. Яны прасілі прызнаць неправамернымі дзеянні кіраўніцтва адміністрацыі кіраўніка Беларусі:
– Мы прасілі абавязаць кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыняць нас і нашых прадстаўнікоў на асабістым прыёме ў бліжэйшы час згодна з графікам. Аднак суд першай інстанцыі ўвогуле адмовіў нам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы, таму мы былі вымушаныя звярнуцца па абарону ў суд касацыйнай інстанцыі.
Аднак і судовая калегія Менскага гарадскога суда пад старшынствам Наталлі Жупікавай не знайшла падстаў для адмены папярэдняга судовага рашэння. Тамара Сяргей заявіла, што гэта рашэнне не мае нічога супольнага з законам. Таму грамадзяне працягнуць бараніць свае інтарэсы ў межах беларускага заканадаўства і ў першую чаргу Канстытуцыі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск