Тамара Сяргей: Качанава не прымала грамадзянаў ужо больш пяці месяцаў
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава адмяніла прыём грамадзянаў. Дзясяткі людзей, і не толькі з Менска, а і з рэгіёнаў Беларусі, не мелі нават магчымасці паспрабаваць вырашыць свае набалелыя праблемы.
Па словах юрыста і праваабаронцы Тамары Сяргей, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта павінна была арганізаваць працу так, каб людзей прыняў нехта з яе намеснікаў, як гэта прапісана ў Законе „Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў”. Але гэтага не было зроблена.
– То бок у Адміністрацыі прэзідэнта сёння быў парушаны закон. Чаму? А таму што яны проста ігнаруюць грамадзянаў. Трэба адзначыць, што Качанава не прымала грамадзянаў ужо больш пяці месяцаў. І гэта пры тым, што зусім нядаўна міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пагражаў грамадзянам тым, што будзе спыняць і не дасць правесці ніводнага несанкцыянаванага мерапрыемства. І атрымліваецца, што народ паміж молатам і кавадлам.
Грамадзяне ў сваёй дзяржаве апынуліся бяспраўнымі. Улады не хочуць іх слухаць і чуць і абараняюцца ад патрабаванняў грамадзянаў з дапамогай міліцыі. Скаргі людзей часта не разглядаюцца, а фармальна перасылаюцца ў тыя органы, на якія грамадзяне скардзяцца. І ў гэтым сапраўдная трагедыя нашага грамадства, – лічыць праваабаронца Тамара Сяргей.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя