Тамара Сяргей: Пікет нам не дазволілі, але мы мелі на яго права
У Менску некалькі грамадзянаў, якія змагаюцца з беззаконнем у судах, пракуратуры і ў іншых дзяржаўных установах, правялі пікетаванне на плошчы Свабоды. Яно было прымеркавана да выступу кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з пасланнем да парламенту. Па словах юрыста і праваабаронцы Тамары Сяргей, спачатку грамадзяне намагаліся сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Але міліцыя ў цывільным не падпусціла іх да Дому ўраду. Тады людзі накіраваліся на плошчу Свабоды, дзе адбыўся пікет. Хаця мерапрыемства і не было дазволена Менгарвыканкамам.
– Нам забаранілі правядзенне пікетавання, нібыта там будуць весціся рамонтныя працы. Калі мы прыйшлі на плошчу Свабоды, мы ўбачылі, што ніякіх рамонтных прац там няма, але нас ужо чакалі людзі ў цывільным без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Яны здымалі нас. Пасля пяці хвілінаў пікетавання яны папярэдзілі нас, што нам забаронена пікетаваць, пры гэтым ніхто не прадстаўляўся. Мы сказалі, што акцыя нібыта фармальна забаронена, але мы маем права на гэтую акцыю.
Людзі трымалы лозунгі „Чыноўнікі і дэпутаты хаваюцца ад народа за плотам адпісак”, „У Канстытуцыі правы на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці” і іншыя. У Беларусі менавіта так і атрымліваецца, што правы грамадзянаў гарантаваныя толькі на паперы, а на самой справе правоў няма. „Таму мы выйшлі на пікетаванне і будзем выходзіць і надалей, пакуль нашыя правы не будуць надзейна абароненыя,” – сказала Тамара Сяргей.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя