Тамара Сяргей: Зваротная сувязь амаль страчана
Дзяржаўныя ўстановы на абгрунтаваныя скаргі грамадзянаў працягваюць дасылаць адпіскі, – канстатуюць прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. Асабліва гэтая тэндэнцыя праявілася ў апошнія гады. Зваротная сувязь паміж уладай і грамадствам амаль страчана, – сказала юрыст Тамара Сяргей на прэс-канферэнцыі гэтай грамадзянскай ініцыятывы.
„Калі ў 2010 годзе ў нас атрымалася дагрукацца да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі пасля нашага несанкцыянаванага пікету, тады адбыліся нейкія станоўчыя зрухі,” – кажа Тамара Сяргей.
– Мы сустрэліся з кіраўніком адміністрацыі. Было дано ўказанне разабрацца з праблемамі адпісак. Была створана працоўная група ў Адміністрацыі прэзідэнта. Па краіне паводле рэабілітуючых падставаў было адменена 333 прысуды. Гэта вельмі шмат для нашай краіны. Таму што у 2014 годзе было ўсяго па тым жа прычынам адменена 34 прысуды.
„Гэтыя лічбы сведчаць не аб тым, што пракуратура і суды сталі працаваць лепш, а аб тым, што зноў вяртаецца практыка не звяртаць увагу на парушэнні і злоўжыванні ў праваахоўнай і судовай сістэме,” – лічыць Тамара Сяргей.
Гэта паказвае і дзейнасць працоўнай групы, якая была створана па загаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта 15 ліпеня 2015 года. Ніякіх станоўчых вынікаў яе дзейнасць не мела. „Хутчэй гэта нагадвала сабатаж і здзек,” – лічыць Тамара Сяргей.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя