Супраць Тамары Шчапёткінай распачата адміністрацыйная справа



Журналістку Тамару Шчапёткіну з Бярозы, якая супрацоўнічае з нашым Беларускім Радыё Рацыя, палову дня пратрымалі ў міліцыі. Яе выклікалі ў Бярозаўскі РАУС як асобу, супраць якой пачата адміністрацыйная справа. Журналістка выйшла з аддзялення ўнутраных спраў і расказала пра тое, што адбывалася:

– Мяне выклікалі, таму што ўчора была позва на 9 гадзін, але яны падумалі, што да 12-ці я яшчэ паспею на плошчу, таму сёння прыехалі да мяне дадому і сказалі, што я выклікаюся на 10.30 – 11.00, а яшчэ лепей каб на 11.30. Я пайшла туды на 10.30. Са мной пачалі размаўляць толькі ў 10.55. І вось толькі я зараз выйшла.

 РР: А пра што размаўлялі?

 – Заведзена адміністрацыйная справа з-за працы карэспандэнтам без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя. З маіх слоў запісалі так, што я не адмаўляюся даваць паказанні, але сведчыць супраць сябе і сваіх родныя я адмаўляюся, бо гэта дазволена мне Канстытуцыяй і можа быць скарыстана супраць мяне. Адзінае што я сказала, што сапраўды у мяне ёсць дыктафон, але сёння дыктафоны ёсць ва ўсіх.

На пытанне журналісткі, на падставе чаго канкрэтна пачата адміністрацыйная справа, ці на падставе якой скаргі – ёй нічога не адказалі.

***

З раніцы 26-га сакавіка да Тамары Шчапёткінай прыехалі міліцыянты і паведамілі, што яе выклік у РУУС пераносіцца на пазнейшы час – 10.30.

***

Журналіста-фрылансера Тамару Шчапёткіну, якая супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, на раніцу 26 сакавіка выклікаюць ў РУУС Бярозы.

Сёння пасьля поўдня капітан міліцыі прынёс ей позву, у якой пазначана, што супраць Тамары Шчапёткінай вядзецца адміністрацыйная справа.

Паводле журналісткі, міліцыя 2 дні дзяжурыла ля ейнага дома, каб уручыць позву. Яна звязвае выклік ў міліцыю са сваей журналіскай працай.

Беларускае Радыё Рацыя