Тамару Сяргей пазбавілі пасведчання кіроўцы
На праваабаронцу, юрыста Тамару Сяргей з боку ўладаў працягваецца неабгрунтаваны ціск, які яна звязвае са сваёй дзейнасццю. Так, судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання Савецкага раёну Менску вынес прадстаўленне, якое накіраваў старшыні суду гэтага раёну аб пазбаўленні Тамары Сяргей пасведчання кіроўцы на час спагнання штрафу:
– Гэта ўжо другая мера па выкананні штрафу, якім пакарала суддзя Вікторыя Шабуня ў чэрвені гэтага года. Самае галоўнае – што пастанова суддзі Шабуні выконваецца другі месяц, ужо робяцца вылічэнні з маёй пенсіі.
„І гэта з’яўляецца доказам, што ўлады працягваюць ціск на мяне за маю грамадзянскую пазіцыю, за тое, што я дапамагаю грамадзянам, якія пацярпелі ад беззаконня ў судах і пракуратуры. Так яны спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць і адмовіцца ад дапамогі гэтым няшчасным людзям,” – сказала Тамара Сяргей. Па яе словах, чарговая актывізацыя ціску на яе супала са спробай групы гэтых грамадзянаў дабіцца прыёму ў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Аднак ім у чарговы раз было ў гэтым адмоўлена.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя