Скарга Тамары Сялюн не была прынятая Канстытуцыйным судом
Канстытуцыйны суд Беларусі не прыняў зварот Тамары Сялюн – маці прыгаворанага да вышэйшай меры пакарання і расстралянага ў мінулым годзе Паўла Селюна. Па словах каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, маці расстралянага прасіла суд, каб ён разгледзеў адпаведнасць Канстытуцыі крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які не прадугледжвае выдачы родным цел расстраляных грамадзянаў, а таксама ўказання месцаў іх пахавання, што з’яўляецца бесчалавечым абыходжаннем з роднымі асуджаных.
Прыйшоў адказ, што простыя грамадзяне не з’яўляюцца тымі, хто можа звяртацца ў Канстытуцыйны суд, і прапанавана звяртацца праз іншых суб’ектаў, якія, згодна заканадаўству, могуць гэта рабіць. Я думаю, што на гэтым ні мы, ні Тамара Сялюн не спынемся.
І праваабаронцы, і родныя асуджаных да смяротнага пакарання будуць дабівацца зменаў заканадаўства ў Беларусі, каб у яго былі імплементаваны міжнародныя нормы і стандарты, якія зробяць беларускія законы больш гуманнымі і адпаведнымі цывілізаваным краінам, – запэўніў Андрэй Палуда.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя