Тарыфы на ЖКП для насельніцва вырастуць у 2020 годзе
Улады плануюць, што ў гэтым годзе насельніцтва кампенсуе каля 83,2% выдаткаў на аказанне ЖКП. Пра гэта FINANCE.TUT.BY распавялі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю. На якія паказчыкі мы выйшлі па выніках 2019 года, стане вядома бліжэй да 15 красавіка.
Для вызначэння ўзроўню кампенсацыі выдаткаў (па адмысловай інструкцыі) улічваюцца плацяжы за ЖКП сям’і з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры з газавай плітой, цэнтралізаваным ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем агульнай плошчай 48 квадратных метраў. Пры разліках мяркуецца, што сям’я не перавышае нарматывы па спажыванні камунальных паслуг па субсідаваных дзяржавай тарыфах, памерах кампенсаваных выдаткаў.
Паводле папярэдняй ацэнкі, з улікам усіх неабходных параметраў і ўстаноўленых гранічна дапушчальных тарыфаў у 2020 годзе насельніцтва павінна выйсці на 83,2% кампенсацыі па ўсіх паслугах. Астатняе даплоціць дзяржава.
Нагадаем, у 2016 годзе насельніцтва па ўсім комплексе камунальных паслуг пакрывала 60,7% выдаткаў на іх аказанне. У 2017 годзе паказчык падняўся да 69,7%. У 2018 годзе пакрыццё дасягнула 75,6%. У 2019 годзе беларусы, па разліках уладаў, павінны былі выйсці на 80,5%. Паказчык за мінулы год па выніках 12 месяцаў будзе пералічаны і ўдакладнены з улікам фактычных выдаткаў на ЖКП бліжэй да 15 красавіка, сказалі ў міністэрстве.
Як паведамлялася раней, падаражэнне паслуг у гэтым годзе, як і ў мінулым, будзе адбывацца ў два этапы. З 1 студзеня іх кошт вырасце на 3,5 долара ў эквіваленце. Павышэнне коштаў ужо закранула, да прыкладу, электрычнасць (падаражэла на 8,9%), газ (2,4%), водазабеспячэнне (12,5%) і каналізацыю (21,4%), капрамонт (29,9%) і тэхабслугоўванне ліфта (2,9%).
Падагрэў вады і ацяпленне падаражэюць на 11,6% з 1 чэрвеня (на 1,5 долара за Гкал у эквіваленце). Прыбаўку ў кошту першай паслугі мы ўбачым у жыроўках, якія прыйдуць у ліпені, а другой — з пачаткам ацяпляльнага сезона.