“Тата, твой выхад”



“Тата, твой выхад” – форум бацькоў пад такой назвай упершыню прайшоў у Глыбокім. У ім прынялі ўдзел таленавітыя бацькі розных прафесій і статусу. На цэнтральнай плошчы горада кожны з іх прадставіў сваю намінацыю ў вуснай і творчай форме, а таксама пазнаёміў гледачоў са сваёй сям’ёй.

Мерапрыемства было прымеркаванае да Міжнароднага дня татаў, які адзначаецца 19 чэрвеня, але ў Беларусі афіцыйна не святкуецца.

Як выказаліся наведвальнікі мерапрыемства, такіх сямейных і сяброўскіх святаў трэба праводзіць больш, але  і анансаваць іх трэба належным чынам, каб шмат людзей наведвала  іх.

– Нам вельмі спадабалася. Хацелася б, каб часцей праводзіліся розныя мерапрыемствы.

– Мы выпадкова патрапілі на свята. Не ведалі, што штосьці такое будзе. Проста прыехалі ў горад адпачыць. Хацелася б, канешне, загадзя пра такія мерапрыемствы ведаць. Але рады, што такія святы ёсць. Менавіта сямейныя, сяброўскія. Вельмі прыемна.

– Добрае свята. Можна, у прынцыпе, штогод рабіць.

– Падабаецца. Трэба паважаць мужчын – абаронцаў Айчыны.

Падчас свята на плошчы працавала некалькі пляцовак, звязаных з мужчынскімі прафесіямі. На пляцоўцы Раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях дэманстравалі форму, тэхніку, праводзілі займальныя конкурсы. На пляцоўцы Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі ўсе жадаючыя маглі разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава. А пляцоўкі ДАІ, ДТСААФ (Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту) арганізавалі выставу аўтамабіляў, у якой прынялі ўдзел і мясцовыя байкеры.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі