Таццяна Фесікава: Ніхто так і не ўбачыў арыгіналаў дакументаў



Актывістка руху супраць Берасцейскага акумулятарнага завода Таццяна Фесікава распавяла пра тое, якія зараз застаюцца прэтэнзіі да таго, каб гэтае прадпрыемства працавала.

Нагадаем, што днямі Берасцейскі акумулятарны завод прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу.

Таццяна Фесікава: Прэтэнзій да ўласнікаў гэтага завода шмат, пачынаючы ад неправядзення належным чынам грамадскіх абмеркаванняў, і, заканчваючы тым, што грамадскасць не бачыла арыгіналаў дакументаў на абсталяванне і выкіды рэчываў у навакольнае асяроддзе.

Здаецца, простае пытанне: дзе арыгіналы пашпартоў на абсталяванне? Пакажыце іх. А тыя дакументы, якія спрабавалі даць на грамадскую экспертызу, намі дэманстраваліся – пячатка ў гэтых дакументах плавала па маніторы. Гэта сведчыць пра тое, што гэтыя пячаткі былі зробленыя ў нейкім графічным рэдактары.

РР: Вы звярталіся з адпаведнай заявай у МУС

Таццяна Фесікава: Так, у звароце ўказвалі, што не выключаем, што мае месца падробка дакументаў, прасілі правесці праверку. Але, на жаль, МУС нам адказала, што КНР адмовіла ў запыце. Але ў Італію і Паўднёвую Карэю таксама пасланыя запыты, таму што ў нас ёсць пытанні не толькі па кітайскім абсталяванні. Бо дакументы на італьянскае і паўднёвакарэйскае абсталяванне завераны адной пячаткай – чамусьці дацкай. Якое дачыненне мае дацкая кампанія да гэтага абсталявання?

РР: Якія яшчэ маеце прэтэнзіі да завода?

Таццяна Фесікава: Таксама мы лічым, што кампаніяй няправільна зроблены разлікі па выкідах. Гэтыя дадзеныя па выкідах ляглі ў аснову сумарнага выкіду небяспечных рэчываў, і цяпер яны прайшлі дзяржаўную экалагічную экспертызу з незразумелымі дакументамі на абсталяванне. Ніхто так і не ўбачыў ні арыгіналаў дакументаў, ні адказаў.

Гэта значыць, па нашым перакананні, дакументы, па якіх праводзіўся асноўны разлік, недакладныя, а значыцца і лічбы выкідаў няправільныя. Адпаведна, і агульны сумарны выкід скажоны.

Акрамя таго, ёсць прэтэнзіі па аб’ёмах свінца, які збіраюцца перапрацоўваць. Мы яшчэ ў мінулым годзе казалі, што заводам заяўлена 13 тысяч тон, і гэта ніяк не адпавядае той колькасці акумулятараў, якія яны збіраюцца выпускаць. Атрымліваецца, што ў сярэднім у акумулятары будзе 6 кг свінцу, хоць на самай справе свінцу там – 8-9 кг. Гэта зноў гаворыць пра тое, што прыніжаная лічба па сумарным колькасці свінцу, які будзе перапрацоўвацца, каб паказаць меншыя выкіды ў атмасферу. А вырабляць акумулятараў яны будуць столькі, колькі ім трэба.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя