Таццяна Канеўская знайшлася ў гомельскім ІЧУ
Стала вядома месцазнаходжанне даверанай асобы Святланы Ціханоўскай па Гомелі Таццяны Канеўскай.
Яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. У панядзелак адбудзецца суд. Пра гэта паведаміў сын актывісткі Аляксандр Канеўскі.
– Мы прыехалі ўчора ўвечары. Праверылі, яе не было. Сёння раніцай прыехалі ў ІЧУ. Сказалі так, яна знаходзіцца тут. Мы хацелі перадаць ёй вялікі пакет з прадуктамі – кілбаса, гарбата, цукар. Але ўсё гэта не ўзялі. Кіпеню ў іх няма. Перадалі крыху садавіны, гародніны. І крыху кілбасы. Сказалі, што калі пасля суду яе вярнуць назад, тады ўжо можна прывезці большую колькасць харчоў. Рэчы, як ніжнюю бялізну, майку, не дазволілі перадаць.
Пакуль не вядома, паводле якога артыкула будуць судзіць Таццяну Канеўскую.
Беларускае Радыё Рацыя