Таццяна Караткевіч супраць скарачэння дэкрэтнага адпачынку
Нагадаем, памочнік кіраўніка дзяржавы па эканамічных пытаннях Кірыл Руды выказаў прапанову, што адпачынак па догляду за дзіцём можна скараціць да двух гадоў.
Таццяна Караткевіч: Безумоўна, я супраць скарачэння дэкрэтнага адпачынку. На мой погляд, перш чым скарачаць яго і падвышаць пенсійны ўзрост, трэба прыняць іншыя меры, якія б паказалі, што ў краіне назіраецца эканамічны рост, што ствараюцца новыя працоўныя месцы. Гэта найперш дзяржава няхай зробіць, а затым выступае з такімі ініцыятывамі. А так дэкрэтніцы проста папоўняць шэрагі беспрацоўных. Гэта першае.
Па-другое, мне падаецца, што сама сістэма адукацыі сёння не ў стане прыняць такую колькасць маленькіх дзяцей, якім спатрэбяцца яслі. Улада адцягвае момант рэальных структурных рэформаў, а замест гэтага абірае стратэгію, як больш абабраць сваіх грамадзянаў – падвысіць падаткі, штрафы, увесці выплаты… Атрымліваецца такая схема: людзі працуюць больш, атрымліваюць менш, а яшчэ і дзяржава штодня скубае. Таму не лічу скарачэнне дэкрэтнага адпачынку разумнай ініцыятывай.
РР: Але ж чыноўнікі ўжо нават падлічылі, які гэта дасць прыбытак у УВП краіны…
Таццяна Караткевіч: Прыбытак будзе, калі эканамічнае заканадаўства ў парадак прывядуць улады. А вось у гэтым накірунку мала што робіцца.
РР: Як, на ваш погляд, успрымуць гэтую ініцыятыву па скарачэнні дэкрэтнага адпачынку жанчыны?
Таццяна Караткевіч: Думаю, негатыўна. Падчас прэзідэнцкай кампаніі я шмат сустракалася з жанчынамі па ўсёй Беларусі, пабывала больш чым у 50 гарадах. І скажу вам, што ў першую чаргу жанчынам складана знайсці працу. Я сама выйшла з дэкрэтнага адпачынку раней на 8 месяцаў, але проста таму, што прапанавалі працу. А хто сёння прапануе, калі на прадпрыемствах штаты скарачаюцца? І рост беспрацоўя працягнецца. Стварыце спачатку ўмовы, а пасля нешта прапануйце. Нельга ў крызіс выступаць з такімі ініцыятывамі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя