Таццяна Караткевіч: Толькі карамі немагчыма змагацца з наркотыкамі



Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Таццяна Караткевіч першай з магчымых кандыдатаў сустрэлася з маці, дзеці якіх асуджаныя паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса (незаконнае ўжыванне і распаўсюд наркатычных сродкаў). Маці асуджаных звярнуліся да Таццяны Караткевіч з просьбай як мага шырэй агучваць факты сфабрыкаваных супрацоўнікамі праваахоўных органаў справаў супраць моладзі. На думку Таццяны Караткевіч, праблему распаўсюду і ўжывання наркотыкаў выключна карнымі захадамі кіраўніцтва краіны не вырашыць:

– З боку дзяржавы трэба ствараць больш магчымасцяў, каб такія людзі пабачылі шлях рэалізацыі – знайшлі працу, ці якуюсць вучобу, атрымалі якасную медычную дапамогу і сталі на ногі. Таму што мы зацікаўлены менавіта ў гэтым.

Згодна са зменамі, якія з пачатку бягучага году ўнесеныя ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, да адказнасці за распаўсюд і ўжыванне наркотыкаў прыцягваюцца дзеці з чатырнаццаці гадоў. Раней за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, тэрміны турэмнага зняволення атрымлівалі з шаснаццаці гадоў. Максімальны тэрмін зняволення за пазазаконныя дзеянні ў сферы абароту наркотыкаў павялічаны да 25-ці гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя