Таццяна Караткевіч: Трэба развіваць дыстанцыйную адукацыю



Адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч патлумачыла, чаму школьнікаў варта было б перавесці на дыстанцыйнае навучанне.

Праваабаронцы „Вясны” ініцыявалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам аб увядзенні каранціну ў сярэдніх адукацыйных школах Беларусі. Зварот праз тры дні будзе накіраваны ў Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Аўтары калектыўнага звароту перакананыя, што ўвядзенне дыстанцыйнага навучання скароціць нагрузку на настаўнікаў і дазволіць значна палепшыць якасць навучальнага працэсу, бо ў сітуацыі, калі частка вучняў наведвае школу, а частка знаходзіцца на дыстанцыйным навучанні, гэта значна абцяжарвае працу настаўнікаў.

Таццяна Караткевіч: Мы таксама збіралі подпісы за каранцін у школах, таму што гэта сёння адзіная простая мера, якая можа спыніць хуткі распаўсюд віруснай інфекцыі.

Сёння мы ведаем, што трэць насельніцтва – гэта сталыя людзі. Некаторыя кажуць, што калі  школьнікі пойдуць на каранцін, то яны перададуць інфекцыю сваім дзядулям і бабулям. Але ж дзеці паміж сабой таксама распаўсюджваюць інфекцыю і нясуць яе дадому са школ і дзіцячых садкоў. Таму мне падаецца, што каранцін дасць магчымасць наадварот спыніць вірусную нагрузку на сталых людзей.

РР: Вы за тое, каб у школах быў каранцін?

Таццяна Караткевіч: Я за тое, каб развіваць дыстанцыйную адукацыю. Настаўнікі нярэдка кажуць, што ў іх няма такога дыстанцыйнага навучання, нават ва ўніверсітэтах не ўсе да гэтага гатовы.

Дзякуючы гэтаму каронавірусу, мы даведаліся, якія ў нас праблемы ў адукацыі. Многім выкладчыкам патрэбна падвышэнне кваліфікацыі, хаця настаўнік першым павінен быць гатовы ісці на нейкія інавацыі.

Трэба таксама пераймаць досвед прыватных выкладчыкаў, якія дэманструюць гатоўнасць да інавацыйных падыходаў у адукацыі і досведу краін-суседак. Напрыклад, у Літве ўсе дзеці займаюцца анлайн, а малазабяспечаным сем’ям бясплатна прадастаўлены нават планшэты і камп’ютары.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя