Таццяна Хоміч: Гэта такі акт увагі да тэмы выбараў у Каардынацыйную Раду



Госця Рацыі – сябра Каардынацыйнай Рады, каардынатарка штаба Віктара Бабарыкі, сузаснавальніца Асацыяцыі родных колішніх палітзняволеных Таццяна Хоміч. З ёй на тэму палітвязняў і апошніх падзеяў у Беларусі размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Я хацеў бы пачаць з сітуацыі, у якой мы зараз знаходзімся. Гэта такая хваля ператрусаў, якія адбыліся апошнім часам у Беларусі. Яны прайшлі ў асобаў, якія звязаныя з Каардынацыйнай Радай. Як увогуле існаваць у такой вось прасторы, атмасферы, як вось размаўляць пра палітвязняў увогуле, ці ёсць для дзейнасці якія сілы?

Таццяна Хоміч: Я думаю, што такі акт ператрусаў, які адбыўся апошнім часам адносна родных і сябраў Каардынацыйнай Рады, – гэта, канешне, чарговая праява такога стаўлення ўладаў Беларусі да тых актывістаў, палітыкаў, якія працягваюць займацца актывізмам і працягваюць сваю працу за мяжой.

Канешне, гэта чарговае парушэнне закона. І ў гэтай сітуацыі, мы бачым, што нават праз тры гады, хоць прайшло і больш за тры гады, любая актыўнасць з боку грамадства, любая публічная дзейнасць з боку беларускай грамадзянскай супольнасці ўсё адно выклікае такую рэпрэсіўную рэакцыю з боку ўладаў Беларусі. Як мы зразумелі, гэта такі акт увагі да тэмы выбараў у Каардынацыйную Раду, якія павінны прайсці ў пачатку наступнага года, але і да другіх актыўнасцяў, у прыватнасці, удзелу ў стратэгічным дыялогу ў ЗША, які пройдзе на наступным тыдні, там будуць у тым ліку прысутнічаць і сябры Каардынацыйнай Рады.

У любым выпадку тэма палітзняволеных павінна быць самай галоўнай, прыярытэтнай тэмай, якая павінна быць заўжды ў парадку дня беларускіх дэмакратычных сіл, асабліва праз тры гады.

РР: Вы сказалі, што ўжо тры гады рэпрэсій за намі і нібыта нават сітуацыя ўціхаміралася. А вось як вы бачыце гэтае пытанне, як вы думаеце, чаго баяцца ўлады Беларусі, што так моцна ціснуць, напрыклад, на сяброў Каардынацыйнай Рады? І вы таксама сказалі, што дзейнасць ажыццяўляецца менавіта за мяжой. Чаго баяцца? Навошта столькі актыўнасці і сілаў на гэта траціць?

Таццяна Хоміч: У цэлым мы бачым нават у апошнія месяцы, пачынаючы са жніўня, павялічылася колькасць людзей, якіх затрымліваюць па адміністрацыйных і крымінальных справах. Мой пункт погляду – гэта звязана з будучымі выбарамі. Улады Беларусі не хочуць ніякай праявы актыўнасці, таму запужваюць такім чынам людзей. І мы гэта бачылі ў іншыя моманты, калі ў Беларусі адбывалася нейкая актыўнасць.

У мінулым годзе, калі пачалася паўнамаштабная вайна, уварванне Расеі ва Украінку, і з Беларусі ў тым ліку, людзі пратэставалі. Можна казаць пра інцыдэнт у Мачулішчах, пра рэйды партызанаў, то бок былі такія актыўнасці і яны праходзілі ў Беларусі. Так, яны ў некаторай ступені пужаюць улады. І яны хочуць паказаць сітуацыю, што ўсё змянілася, людзі змірыліся. Але на самой справе мы бачым, што гэта не так.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя