Таццяна Ласіца знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ



Жыхарка Рэчыцы Таццяна Ласіца, якая на валанцёрскіх пачатках дапамагала праваабаронцу Леаніду Судаленку, знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ. Пра гэта паведаміў БелаПАН праваабаронца Васіль Палякоў.

Сувязь з ёй знікла 21 студзеня. У гэты дзень у 15.23 яна павінна была вылецець у Вільню, дзе яе ўжо чакалі прыяцелі, але не прыбыла запланаваным рэйсам.

Абставіны і прычыны затрымання пакуль невядомыя.

5 студзеня дома ў Таццяны Ласіцы прайшоў вобшук. Міліцыя забрала ў яе камп’ютары і тэлефоны. У гэты ж дзень вобшук праходзіў у офісе праваабаронцаў у Гомелі і ў кватэрах Леаніда Судаленкі, Васіля Палякова і Мікалая Новікава.

18 студзеня пасля допыту ў Следчым камітэце Судаленка быў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ. Таксама была затрыманая ягоная памочніца Марыя Тарасенка. Яны прызнаныя палітычнымі вязнямі. 21 студзеня праваабаронцу перавялі ў СІЗА, а яго памочніцу — адпусцілі.

У дачыненні да Судаленкі, паводле неафіцыйнай інфармацыі, распачатая крымінальная справа на падставе часткі 2 артыкула 342 КК (фінансаванне масавых беспарадкаў).

БелаПАН