Таццяна Малашчанка: Павага да дзяржаўных сімвалаў павінна быць
Нашымі сімваламі застаюцца бел-чырвона-белы сцяг, герб Пагоня ды адпаведныя нацыянальныя варыянты гімнаў. Разам з тым, у сувязі з падзеямі ў суседняй Украіне, мы павінны паважліва ставіцца да людзей, хоць і з іншай пазіцыяй, але сваёй, не расейскай. Менавіта так пракаментавала папраўкі ў закон „Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” Таццяна Малашчанка, маці школьніцы Ясі Малашчанкі з Баранавічаў, якая два гады таму мела канфлікт з настаўніцай за нежаданне слухаць дзяржаўны гімн:
– Я лічу, што павінна ўсё роўна нейкая павага быць, хай сабе гэтыя сімвалы часовыя, мы не павінны прыпадабняцца ім. І тое, што зараз яны хочуць гэта прыняць, то яны самі сябе ратуюць. Ужо ратаваць няма чаго, толькі зараз пачалі гэтым займацца. Трэба нешта мяняць. Мяняць самі сімвалы яны не хочуць. Таму яны пачалі такім чынам дзейнічаць.
У папраўках замацоўваюцца патрабаванне аб абавязковым выкананні дзяржаўнага гімну ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў дні пачатку і сканчэння навучальнага году. На афіцыйных мерапрыемствах прысутныя мужчыны мусяць знімаць галаўны ўбор. „Калі не атрымалася натуральным чынам, то праз такія законапраекты любоў да дзяржсімвалаў прышчэпяць прымусова, можа быць,” – зазначае Таццяна Малашчанка.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя