Таццяна Малашчанка: Навучацца на беларускай мове – гэта модна і сучасна
Навучацца на беларускай мове – гэта модна і сучасна. У гэтым перакананая жыхарка Баранавіч Таццяна Малашчанка, якая доўгія гады змагалася за беларускамоўную адукацыю для дзяцей.
Паколькі жадаючыя яшчэ не налічваюцца дзясяткамі і сотнямі, то такое навучанне смела можна называць індывідуальным, — распавяла яна:
РР: Як на дадзены момант выглядае сітуацыя з беларускамоўнымі класамі ў Баранавічах?
– На сёння ў нас тры беларускамоўныя класы. Два класы знаходзяцца ў 4-й гімназіі – гэта 10-ы клас, ужо сканчваюць 10-ы клас, значыць будзе 11 клас. 2-гі клас сканчвае ў 3-ці яны пераходзяць. У 11-ы клас пераходзяць 7 вучняў, з 2-га у 3-ці пераходзіць 12 вучняў. Яшчэ ёсць адзін клас у сярэдняй школе №9, там 5 хлопчыкаў, яны першакласнікі былі, зараз будуць у 2-гі клас пераходзіць.
РР: Якія ёсць магчымасці для навучання дзяцей па-беларуску?
– Магчымасці для навучання дзяцей па-беларуску ёсць, бо ўжо прабілі гэты шлях у Баранавічах. Я думаю, што яны ўжо самі, наш выканкам, аддзел адукацыі, яны чакаюць кожны год дзяцей. Адзінае, што магчымасці такія, што калі бацькі захочуць у нейкай пэўнай школе, то тады ўжо пачынаюцца складанасці. Напрыклад, у нас аддзел адукацыі заўсёды накіроўвае бацькоў не туды, куды бацькі хочуць. Гэта з’яўляецца пэўнай праблемай, але магчымасці навучаць ёсць. Яны заўсёды казалі, што ніякіх праблемаў з пачатковай школай не было і не будзе. Але калі пачынаюцца дэталёвыя абмеркаванні гэтага працэсу навучання, то з’яўляюцца праблемы. Мы хочам там, дзе мы хочам. Калі вы кажаце пра тое, што ў вас дастаткова спецыялістаў, то чаму б не адкрыць у кожнай школе клас, а не рабіць нейкую такую рэзервацыю ў адным месцы.
РР: З якімі складанасцямі даводзіцца сутыкацца бацькам?
– Як толькі хтосьці пачынае гэтае пытанне падымаць, пачынае займацца стварэннем беларускамоўнага класа, то першае пытанне: „Колькі вас чалавек?”. Калі я першы раз стварала клас для сваёй дачкі, то я ўвогуле прыйшла адна. Я ведала, што да нас далучыцца яшчэ адна сям’я. У 2017 годзе я да іх звярнулася, яны сказалі: „Набірайце групу”. Але гэта не пытанне бацькоў, гэта не абавязак бацькоў, шукаць для свайго дзіцяці аднакласнікаў. Яны гэту праблему звычайна перакладаюць на бацькоў, як гэта было ў Берасці, у іншых гарадах людзям проста адмаўлялі. Як калісьці мне казалі ў 2010 годзе: „Ваша дзіцё будзе навучацца адно”. Я не была шакаваная, адно дык адно, мне ўсё роўна. Людзі ўжо гатовыя зараз не баяцца быць „белымі варонамі”, як калісьці нас гэтым застрашвалі. Зараз людзі гэтага індывідуальнага падыходу шукаюць, але я думаю, што цяпер прасцей знайсці людзей, якія хацелі б у маленькія групы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Малашчанка звярнула ўвагу на тое, што з кожным годам мяняецца стаўленне да беларускамоўнага навучання. Гэта становіцца прэстыжна і пазітыўна ўспрымаецца грамадствам.
Беларускае Радыё Рацыя