Таццяна Равяка: Белсат пачаў працаваць у Дзень правоў чалавека
У Менску ў Траецкім прадмесці выбітныя прадстаўнікі беларускай палітыкі, журналістыкі, культуры, праваабарончага руху правялі акцыю падтрымкі “Белсату” ў выглядзе відэа-зваротаў. Мерапрыемства прайшло без інцыдэнтаў. Удзел у ім узялі Уладзімір Арлоў, Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Алена Анісім ды іншыя асобы, у тым ліку прадстаўніца “Вясны” – Таццяна Равяка:
– Для мяне, як для праваабронцы, вельмі важна было тое, што на канале ніколі не сыходзіла тэма правоў чалавека, і самыя вострыя праблемы, якія ёсць у гэтай сферы, яны абмяркоўваліся, яны гучалі, шукаліся вырашэнні, і для мяне, канешне, гэты сімвалізм у тым, што канал пачаў працаваць дзевяць гадоў таму ў Дзень правоў чалавека, застаецца і зараз істотным.
Марафон салідарнасці з Белсатам прайшоў каля музея Максіма Багдановіча. Надалей няма ніякай афіцыйнай інфармацыі наконт таго, ці атрымае першы беларускамоўны незалежны тэлеканал фінансаванне з Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя