Таццяна Севярынец аштрафавана на 1.150 рублёў



Віцебскі каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Таццяна Севярынец аштрафавана на 50 базавых велічынь (1.150 рублёў) за ўдзел у „маршы недармаедаў” у абласным цэнтры 26 лютага. Такое рашэнне, як паведаміла Севярынец прынятае 21 сакавіка судом Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Прадстаўнік БХД прызнана вінаватай у паўторным парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП).

„Я ўжо падрыхтавалася, што пасадзяць на „суткі”, узяла з сабой рэчы, таму што нават не разлічвала на нейкі штраф. А тут — на табе, такі аблом”, — іранічна адзначыла Севярынец. Яна падкрэсліла, што мае намер абскардзіць рашэнне суда.

У Віцебску 26 лютага прайшла масавая акцыя пратэсту, удзел у якой узяло да 1.500 чалавек. Пратэстоўцы прайшлі па цэнтральных вуліцах горада да плошчы Леніна, дзе адбыўся стыхійны мітынг. Людзі запатрабавалі поўнай адмены дэкрэта № 3 і заявілі аб намеры праводзіць новыя акцыі пратэсту.

Таццяну Севярынец затрымалі пасля вяртання з мітынга дадому. Яна зайшла ў краму, на выхадзе з якой да яе падышоў супрацоўнік міліцыі і прапанаваў праехаць у РУУС. У міліцыі яна прабыла каля трох гадзін. У дачыненні да яе быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Пратэсты супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” праходзяць у розных гарадах з 17 лютага. Паводле звестак праваабаронцаў, з 3 сакавіка ў краіне ў розны час было затрымана больш за 240 чалавек, большасць з іх караюцца за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях адміністрацыйным арыштам.

БелаПАН