Таццяна Севярынец даслала чарговы зварот у справе паліклінікі ў Білева
Кіраўнік кампаніі „За якасную медыцыну ў Віцебску”, каардынатар Віцебскага аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец даслала электронны зварот у абласное ўпраўленне аховы здароўя. У звароце яна звяртае ўвагу на парушэнне афіцыйнага абяцання ўладамі пачаць будаўніцтва першай чаргі паліклінічнага комплексу ў Білева ў другім квартале 2015-га году, чаго да сёння не зроблена, – кажа Таццяна Севярынец.
– Напісала зварот з пытаннямі. Чаму паліклінічны комплекс у Белева, які быў афіцыйна абяцаны нам за подпісам намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Уладзіміравіча Цярэнцьева, што будаўніцтва паліклінічнага комплексу будзе пачата ў Белева ў 2015 годзе ў другім квартале, але вось ідзе ўжо сярэдзіна трэцяга квартала, а там конь не валяўся – нічога там няма.
У звароце Таццяна Севярынец таксама адзначае вельмі маруднае ўзноўленае будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Поўдзень-7 ды рамонт першага корпусу абласнога інфекцыйнага шпіталя. “Людзі вельмі абураныя такім стаўленнем улады да надзённых праблем жыхароў горада”, – адзначае Таццяна Севярынец. Раней за будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёне Білева Віцебска было сабрана і перададзена па інстанцыях больш за чатыры з паловай тысячы подпісаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bchd.info