Таццяна Севярынец: Курапаты знікаюць з беларускай інфармацыйнай прасторы
Ператрусы і затрыманні незалежных журналістаў спрычыніліся да таго, што тэма абароны Курапатаў знікае з беларускай інфармацыйнай прасторы, лічыць Таццяна Севярынец.
Чацвёра прыхільнікаў БХД, у тым ліку старшыня абласнога аргкамітэта Таццяна Севярынец, былі сёння затрыманыя па дарозе ў Курапаты. Пасля праверкі іх адпусцілі і яны накіроўваюцца ў Менск.
Кажа Таццяна Севярынец:
– Ехалі па трасе. Літаральна пад Лепелем нас спыніла ДАІ. І сам даішнік сказаў: «А што гэта вы так не падабаецеся камусьці?» То бок ім перадалі, каб нас спынялі. Ён праверыў машыну, дакументы і адпусціў.
Старшыня абласнога аргкамітэта БХД ў Віцебску Таццяна Севярынец, Алена Янушкоўская, Ірына Захарава і Аляксандр Квіліс едуць у Курапаты, каб апоўдні распачаць «віцебскую вахту» каля рэстарана «Поедем поедим».
«Людзей, якія гатовы бараніць мемарыял, няшмат, а ў сувязі з тым, што Павел Севярынец адбывае суткі, нашым абавязкам ёсць працягнуць вахту», – кажа Таццяна Севярынец:
– Гэта справа не толькі нашая і тых абаронцаў, якія з першага дня сталі на абарону. Гэта справа агульнанацыянальная, бо Курапаты – нацыянальны мемарыял. І я сама ўвесь час пакутую, мяне непакоіць тое, што людзі ў нас сталі нейкія абыякавыя. Гэта па-першае. А па-другое, хацелася б большай увагі з боку сродкаў СМІ, гэта тэма павінна гучаць кожны дзень.
Грамадскія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс «Поедем поедим», патрабуючы яго закрыцця. Рэстаран стаіць за 50 метраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БХД