Таццяна Севярынец: Я жыву па сумленні і ведаю, што і мае дзеці жывуць па сумленні
Севярынцы – вядомая сям’я змагароў за лепшую, дэмакратычную Беларусь. Сям’я стойка пераносіць пераслед з боку ўладаў і рэпрэсіі ў адносінах да Паўла – вядомага палітыка і сустаршыні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Госця Радыё Рацыі – маці сямейства і адначасова каардынатарка па Віцебскай вобласці партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Таццяна Севярынец.
Таццяна Севярынец: Я заўсёды была дысідэнтам. Я была заўсёды на баку справядлівасці. У стасунках з адміністрацыямі школ, у якіх мне давялося працаваць, у нас заўсёды былі нейкія невялікія “цёркі”. А калі і вялікія. Дарэчы, з апошняй школы № 40 горада Віцебска мяне звольнілі менавіта вось за такія “цёркі”, што я супрацьпаставіла сябе не калектыву, а той палітыцы, якую калектыў і адміністрацыя школы прапагандавала, зразумела, разам з адміністрацыяй і кіраўніцтвам раёна і горада Віцебска.
РР: А менавіта якія гэта пытанні былі?
Таццяна Севярынец: А гэта былі пытанні справядлівасці. Напрыклад, хто павінен атрымаць медаль? Дачка настаўніка, ці дырэктара школы, ці сынок нейкага чыноўніка, альбо той вучань, які насамрэч заслугоўвае, але было нейкае абмежаванне, што столькі і столькі павінна быць? Альбо як паставіць добрую адзнаку на экзамене камусьці? Ці можна камусьці падвысіць, менавіта тым, пра каго я кажу. Нейкія ўзнагароджанні ідуць да настаўнікаў, кагосьці пінаюць, а кагосьці ўзнагароджваюць. Ну і так далей.
Асабліва гэта абвастрылася, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка. І тут, канешне, я пайшла ў разнос. І мяне, дарэчы, звольнілі па палітычных матывах, менавіта таму, што я ішла ў гарадскі савет народных дэпутатаў насуперак рашэнню адміністрацыі школы і горада. Вылучалася сама. І ў сваёй кампаніі я выкарыстоўвала, канешне, нейкія дэмакратычныя лозунгі, погляды і захады. А калі ўжо я судзілася з гарадской камісіяй за тое, што яны мяне не зарэгістравалі, гэта мне ўлады не маглі дараваць, гэта зразумела. І на той момант начальнік раённага ўпраўлення адукацыі, калі выклікаў мяне на гаворку, і паказаў, што мне загадана адтуль, і падняў вочы ў столь, хачу яго назваць, гэта Уладзімір Аркадзьевіч Слома, маўляў, мне адтуль загадана. А я кажу: а хто адтуль? Як бы я не зразумела. Карацей, гэта была прапанова з КДБ, адтуль не раялі яму, каб настаўнікі з такімі поглядамі, нягледзячы на тое, што ў мяне была вышэйшая катэгорыя, працавалі ў школе. Як мне было цяжка сысці з любімай працы, але я гэта ўсё ж вытрымала.
І тое, што тычыцца маіх дзяцей, якія, Паша раней, а Ганна пазней, сталі на шлях беларушчыны, яно як бы было само па сабе. Калісьці мой муж, Кастусь Севярынец, працаваў дырэктарам вясковай школы, а потым ён стаў журналістам, і яго перавялі ў абласны цэнтр. Да гэтага было яшчэ кіраўніцтва нейкай завадской газеткі. І жылі мы ў Барані. Але я не магла ніяк пайсці супраць сваіх поглядаў і супраць сваіх прынцыпаў. Не навучылася прыстасоўвацца да гэтай сістэмы. Дзеці ўсё гэта бачылі. Яны бачылі, як я працую. Яны заўсёды былі ў коле маіх вучняў, хаця вучыліся зусім у розных школах. Гэта была таксама мая прынцыповая пазіцыя. Мае дзеці свае залатыя медалі, у мяне трое залатых медалёў, бо маю траіх дзяцей, яны зараблялі самі ў другіх школах. А я працавала ў другой. Гэта была прынцыповая пазіцыя, каб ніхто не казаў, менавіта таму, што я вось тут працую, у любой якасці, альбо настаўнікам, альбо намеснікам дырэктара, як пазней, што гэта не заслужана. Я ім сказала, свае пяцёркі, свае залатыя медалі вы зарабляйце самастойна. А ўжо дома мы разбіраемся, хто як урокі рыхтуе, у каго якая адказнасць. Яны ў мяне адказныя дзеці. Вельмі адказныя.
Што тычыцца матэрыяльнага забеспячэння, мы ўсё жыццё жылі вельмі сціпла. Болей, чым сціпла. Але нам неяк гэтага хапала. Для нас ніколі не было каштоўнасцю мець машыну, лецішча. Зараз, праўда, я шкадую, што не ўдалося дом пабудаваць. Я хацела б жыць у асобным, уласным доме. Але мы з задавальненнем праводзім некаторы час на радзіме мужа Кастуся ў вёсцы Унорыца, якую любяць усе мае дзеці і я. Не кажу ўжо пра мужа, таму што ён там нарадзіўся і вырас. Там цудоўныя людзі, там цудоўная прырода. Столькі Беларусі, што бывае наглытаешся гэтага паветра, і хапае яго амаль на цэлы год.
РР: Але ж цяпер, калі вашыя дзеці, Ганна працуе, дзякуй Богу, і кнігі выдае, але ж вось Павел, які закончыў з залатым медалём школу… і вось цяпер такі цяжкі лёс, што ён, нярэдка, павінен дні народзінаў праводзіць за кратамі, што ён столькі павінен быў адседзець… Гэта ўсё страта здароўя, страта часу, страта магчымасцяў…
Таццяна Севярынец: Калі казаць, што яно павінна быць так, як ва ўсіх людзей, там машыны, штосьці іншае, калі б было, то добра. Ён варты таго. Ён варты больш, чым дзеці Лукашэнкі, чым сам Лукашэнка. Ён варты жыць і ў сваім доме, кіраваць уласнай машынай, мець усё, што трэба для жыцця.
Пра гэтых прыкарытных апрычнікаў… Я пра іх гаварыць не хачу. Яны гэтага не заслужылі. На жаль, на наш сорам, гэта мы, беларускі народ, ім дазволілі так жыць. Адкуль, напрыклад, у Качанавой грошы, за некалькі гадочкаў, якія яна каля Лукашэнкі „трэцца”, на такі катэдж. Я за сваё жыццё не зарабіла. Бо я, як ужо казала, хацела б жыць ва ўласным доме. Але я жыву па сумленні, ведаю, што мае дзеці жывуць па сумленні, і ад гэтага я хоць сплю спакойна.
Канешне, цяжка, калі Паша мой сядзіць. Я перажываю страшна. Але такі цяжкі шлях ён сам сабе абраў, што я магу сказаць. Я побач. Я гатова дапамагчы ў любую хвіліну, падтрымаць, пакуль я жывая, пакуль у мяне ёсць сілы.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя