Таццяна Шчытцова: Ідзе ўзмацненне мілітарызацыі ў сістэме адукацыі



Госць Рацыі — Таццяна Шчытцова, філосаф, прафесар ЕГУ і прадстаўніца па пытаннях адукацыі ў офісе Святланы Ціханоўскай.

Гутарым з ёй пра змены ў беларускім заканадаўстве, датычныя адукацыі, а таксама – пра перспектывы навучання ў еўрапейскіх ВНУ для беларусаў. Каля мікрафону – Алеся Вербаловіч.

РР: Пракаментуйце апошнія змены ў заканадаўстве, па якім адтэрміноўка ад арміі цяпер не даецца тым, навучаецца ў замежных ВНУ.

Так, тут ёсць некалькі аспектаў, якія мае сэнс адзначыць. Перш за ўсё гэта псіхалагічны ці палітыка-псіхалагічны, я б так гэта вызначыла, такі момант як пакаранне тых, хто плануе або прымае рашэнні ехаць вучыцца з Беларусі кудысьці ў замежжа, у нейкія замежныя краіны. Сімвалічна так пакараць і мабыць так ускосна запужаць. То бок не трэба туды ездзіць, гэта такая дадатковая мера. Таксама гэта паказвае, дэманструе вельмі яскрава, што нашай улады гэта адукацыя, замежная адукацыя ў еўрапейскіх універсітэтах, якасная адукацыя, якая з’яўляецца перадумовай інтэрнацыяналізацыі, уключэння ў міжнародны кантэкст, атрыманне пэўнага інтэрнацыянальнага досведу, кантакты. Тое, што звязана са словам развіццё і ўкладанне ў будучыню. Вось у гэтым наша дзяржава зусім не зацікаўлена. Гэта цалкам адпавядае той палітыцы ізаляцыі, якой прытрымліваецца рэжым Лукашэнкі адразу пасля 2020 года. Тут гэта логіка ізаляцыі ад цывілізаванага, адкрытага сусвету, культурнага абмену, развіцця. Рэжым ад гэтага адвярнуўся і мы ведаем, якія краіны з’яўляюцца прыярытэтнымі зараз. Перш за ўсё Расея, Кітай, ну вось зараз з Нікарагуа была сустрэча. Вось такога ўзроўню ў нас і такога накірунку кантакты. Яшчэ, што я хачу адзначыць, гэта таксама такі сімвалічны аспект, бо тут таксама бачым праяву, узмацненне мілітарызацыі ў сістэме адукацыі. Гэта такі дадатковы інструмент, які паказвае наколькі ў нашым грамадстве зараз моцная вось гэтая ўстаноўка на мілітарызацыю. Яна разгортваецца далей і перш за ўсё тычыцца менавіта сферы адукацыі. Яшчэ тут што цікава, што гэта такі інструмент, які ўскосна, але ўсё ж такі такая спроба ўтрымаць юнакоў у Беларусі, каб яны не ехалі кудысьці, а ўсё ж такі заставаліся ў самой краіне. Трэба забяспечыць наборы ў дзяржаўныя ВНУ. Цалкам прадказальна, што адным з наступстваў новага рашэння стане тое, што некаторыя маладыя людзі проста не будуць вяртацца ў краіну.

РР: Зроблена выключэнне ў гэтым законе, дазваляецца атрымаць адтэрміноўку ад арміі, калі чалавек навучаецца ў замежнай вышэйшай навучальнай установе па дзяржнакіраванню ў межах нейкай дзяржпраграмы. Што гэта могуць быць за людзі?

Мне здаецца, гэта перш за ўсё сведчыць пра тое, што гэтае перамяшчэнне за мяжу, яно можа зараз адбывацца толькі пад жорсткім кантролем дзяржавы, то бок гэта інструмент, каб жорстка зафіксаваць рамкі, увесці гэтыя абмежаванні. Толькі тыя людзі, спісы якіх будуць узгоднены, якіх будуць кантраляваць. Ездзіць за мяжу, атрымліваць досвед і нейкія кантакты выбудоўваць, атрымліваць адукацыю будуць толькі па непасрэднай рэкамендацыі, якіх накіроўваюць непасрэдна ад дзяржавы. Мы разумеем, што тут і КДБ удзельнічае.

Як зазначыла Таццяна Шчытцова, беларускія абітурыенты могуць атрымаць сучасную якасную еўрапейскую адукацыю, але для гэтага трэба шукаць варыянты: сачыць за разнастайнымі праграмамі,  і канечне ж – вывучаць мовы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: motolko.help