Таццяна Смоткіна працягвае бараніць права на распаўсюд інфармацыі
Журналістка-фрылансер з Глыбокага Таццяна Смоткіна атрымала пастанову з Віцебскага аблсуда, у якой гаворыцца, што пастанову Глыбоцкага суда вырашана пакінуць без зменаў.
Журналістка абскарджвала штраф у 25 базавых велічынь па артыкуле 22.9 адміністрацыйнага кодэкса за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі і па-ранейшаму лічыць прысуд безпадстаўным:
– Прыйшоў ліст з Віцебскага абласнога суда з пастановай суддзі Святланы Івановай пра тое, што пастанова суда Глыбоцкага раёну ў адносінах да мяне пакідаецца без зменаў. А мая скарга без задавальнення. Я ўсё ж не лічу, што парушыла заканадаўства. Права займацца журналісцкай дзейнасцю мне гарантуе Канстытуцыя Беларусі. Акрэдытацыю я не павінна мець, бо з’ўляюся журналістам-фрылансерам. І калі суддзі абвяшчаюць несправядлівыя прысуды, парушаюць правы грамадзянаў, то прыйдзе час, і яны адкажуць за свае дзеянні.
Пасля кансультацый з юрыстам Таццяна Смоткіна плануе працягваць абскарджаваць прысуд Глыбоцкага суда, на гэты раз у судзе Канстытуцыйным, а потым не выключае і зварот у Камітэт ААН па правах чалавека.
Разам з Таццянай Смоткіна па аналігічнай справе змагаецца іншы журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач. Яго скаргу на прысуд Глыбоцкага суда таксама не прынялі да ведама ў Віцебскім абласным судзе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя