Таццяна Смоткіна стала адной з пераможцаў прэміі J4T AWARDS’2020 (абноўлена)



15 снежня адбылася анлайн-цырымонія ўзнагароджання пераможцаў штогадовай прэміі ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць”.

У намінацыі „Матэрыял на тэматыку роўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых груп» чацвёртае прызавое месца атрымала незалежная журналістка з Глыбокага, якая супрацоўнічае з нашым радыё, Таццяна Смоткіна за радыёрэпартаж «Так хочацца быць незалежнай». Гэта рэпартаж пра жанчыну, чыя мара – не шыкоўны дом, сучасны аўтамабіль, прыбытковая праца, а асабістая свабода. 

Пра сваю гераіню кажа аўтарка рэпартажу:

– Па-першае, канешне, я ўдзячна, што адзначылі аўдыёрэпартаж, гэта рэдка бывае. А тут мне далі чацвёртае месца з 50 матэрыялаў, якія даслалі. Гэта ўсё ж такі сапраўды нечага, напэўна, каштуе. Матэрыял быў пра невідушчую жанчыну з Мёрскага раёна. Гэта маладая жанчына, якая страціла зрок, нарадзіла дваіх дзяцей, не ўпала ў адчай.

Гэта штогадовы конкурс, каб заахвоціць пісаць на сацыяльныя тэмы, кажа прадстаўнік ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» Алег Ражкоў. Па выніках рэдакцыяй году прызналі партал TUT.BY, з яго відыёпраектам «(Не)маленький человек». Іншых пераможцаў таксама выбіралі сярод вялікай колькасці матэрыялаў, заўважае Алег Ражкоў:

– Многія матэрыялы – гісторыі людзей. Але ёсць элементы канструктыўнай журналістыкі, калі журналісты не толькі расказваюць пра нейкую праблему, але і спрабуюць знайсці спосаб яе вырашэння. Як вынік ёсць выпадкі, калі пасля публікацыі праблема канкрэтнага героя вырашаецца. Пачынаюць чытачы прапаноўваць сваю дапамогу. Такія выпадкі таксама ёсць.

У намінацыі «Матэрыялы на тэматыку роўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых груп” – перамаглі тэксты журналістаў Веранікі Уласевіч, Вольгі Івашэнкі, Аляксандры Савіч і Таццяны Смоткінай. Ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» пашырае веды сярод беларускіх журналістаў, пра тое, як граматна пісаць пра ўразлівыя сацыяльныя групы.

Беларускае Радыё Рацыя