Таццяна Тарасевіч: Кожнага вальнадумца можна зрабіць хворым псіхічна
Жыхарка аграгарадка Першамайскае Бярозаўскага раёна Кацярына Несцяровіч катэгарычна не згодна, што яна псіхічна хворы чалавек. Жанчына з дапамогай праваабаронцаў дабілася ў міністра правядзення ўрачэбна-кансультатыўнай камісіі у яе дома для зняцця з уліку ў псіхіятра.
Таццяна Тарасевіч
Несцяровіч на сустрэчу з камісіяй запрасіла сведкаў. Прысутная на сустрэчы экс-кандыдат у мясцовыя саветы Таццяна Тарасевіч не бачыць у Несцяровіч псіхічнага расстройства асобы:
– На мой погляд, жанчына цалкам адэкватная, яна адказвала адэкватна на ўсе пытанні. Наша медыцына кожнага вальнадумца, які не згодны з гэтай сістэмай, можа зрабіць хворым псіхічна, і гэта вельмі проста, а пасля не рэагаваць на яго скаргі і заўвагі.
Паводле Таццяны Тарасевіч, на абяцаны агляд камісія прыехала са спазненнем на 2 гадзіны па настойліваму яе званку. Размова доўжылася хвілін дзесяць.
Пазнейшы пісьмовы адказ камісіі: падстаў для зняцця з дыспансэрнага ўліку няма. Жанчына лічыць гэта помстай за скаргі. Суд да разгляду справу не прымае: пытанне не падведамна суду.
Барацьба Несцяровіч у 40 гадоў за працоўнае месца абярнулася пастаноўкай на ўлік да псіхіятра. Жанчына не лячылася і не назіралася псіхіятрамі, але дыягназ атруціў яе жыццё.
Беларускае Радыё Рацыя