Таццяна Тарасевіч працягвае вулічную выбарчую агітацыю (абноўлена)



Нягледзячы на пачатак датэрміновага галасавання за кандыдатаў на выбарах у мясцовыя саветы, кандыдат у абласны і раённы саветы ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Тарасевіч працягвае праводзіць вулічную выбарчую агітацыю. Тарасевіч стаіць пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў розных месцах горада. Выбаршчыкам прыемна, што кандыдат звяртаецца да іх з прапановамі, знаёміць з праграмай і агітуе галасаваць за яе, кажуць людзі:

А мы зараз ведаем вас добра, будзем галасаваць. Прыемная жанчына. Прыгожы ў нас будзе дэпутат.

– За Лукашэнку галасаваў, але той шмат абяцаў ды нічога не выканаў. Зараз і гэтыя мяне падмануць…

Размовы з людзьмі прыводзяць да думкі, што сцэнар выбараў застаецца ранейшым. Людзі вельмі мала інфармаваныя, мала зацікаўленыя, гаворыць Таццяна Тарасевіч:

Ёсць такія, што баяцца, калі пабачаць бел-чырвона-белы сцяг, каб толькі не было таго, што ёсць ва Украіне. Часта такое можна пачуць. Поўная абыякавасць да ўсяго. У людзей няма ні надзеі, ні жадання штосьці змяняць. Акрамя запоўненага халадзільніка, іх нічога больш не цікавіць.

Праваабаронца Сяржук Русецкі прымае ўдзел у агітацыйных перадвыбарчых пікетах кандыдата ў дэпутаты Таццяны Тарасевіч. На ўсіх пікетах, якія праводзяцца ў розных месцах Бярозы, Русецкі трымае плакат з надпісам: “25 сакавіка – 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці БНР”.

«Выкарыстоўваю легальную магчымасць, каб напомніць людзям пра гэту вялікую дату», – кажа Сяржук Русецкі:

Мы звярнуліся ў Бярозаўскі райвыканкам, каб яны пашырылі месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца грамадзянамі, палітычнымі партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі. Замест гэтага нам колькасць месцаў зменшылі – застаўся толькі адзін стадыён у Паўночным гарадку. І каб годна адзначыць 100-годдзе БНР, якая стала прататыпам будучай БССР, а пасля і Рэспублікі Беларусь, і не стаяць пасля на задворках, спрабуем выкарыстаць магчымасць незалежных дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты і стаім там, дзе мы жадаем, а на задворках горада.

Як паказаў першы дзень датэрміновага галасавання, спяшаюцца прагаласаваць выбаршчыкі рознага ўзросту. Але большасць з іх пенсіянеры. Яны ідуць на выбары, “бо так трэба”, канстатуюць назіральнікі.

[Not a valid template]

 

Беларускае Радыё Рацыя