Таццяна Вайтовіч бароніць свае правы праз суд
Наваградская актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяна Вайтовіч спрабуе праз суд прымусіць Гарадзенскую абласную медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію адмяніць дадзеную ёй інваліднасць другой непрацуючай групы. У Кастрычніцкім судзе Гародні прайшла гутарка, падрыхтоўчая частка судовага працэсу, дзе былі выслуханыя бакі: Таццяна Вайтовіч і прадстаўнікі МРЭК.
Кажа Таццяна Вайтовіч:
– Я прайшла цалкам абследаванне. У мяне вынікі добрыя з псіхікай. Не была пацверджана і эпілепсія. Але камісія МРЭК паставіла мне другую групу па псіхіятрыі. Без якіх-небудзь падставаў. Яны кажуць, у вас прыватныя адносіны з галоўным урачом. Давайце мы вам зробім другую групу псіхіятрыі. А ён такога хворага чалавека, у якога псіхіка парушана, не мае права біць.
Тацяна Вайтовіч спрабавала паўдзельнічаць у мясцовых выбарах у дэпутаты Наваградскага гарадскога савета. Але яна аказалася ахвярай службовых асобаў, якія ўвялі яе ў зман. Сабраныя подпісы за яе, каб зарэгістраваць кандыдатам, аказаліся не з яе выбарчага ўчастку.
Кажа Сяргей Верамеенка, актывіст БХД, які дапамагаў ёй збіраць подпісы ў Наваградку:
– На жаль, яна даверылася тым гарадскім чыноўнікам з камісіі, якія параілі ёй збіраць подпісы ў гарадскі савет па ўсім горадзе. Маўляў, калі вы балатуецеся ў гарадскі савет, то вы збірайце па ўсім горадзе. Гэта памылка, якая можа здарыцца з кожным навічком, але спадзяюся, што ў перспектыве яна захоча гэтым займацца, будзем уважліва сачыць.
Прадстаўнікі МРЭК перакананыя, што вынікі экспертызы былі слушнымі і асведчанне на другую групу інваліднасці мае падставы.
Таццяна Вайтовіч мяркуе, што непрацоўную групу інваліднасці ёй далі выключна за яе грамадзянскую пазіцыю як змагаркі з карупцыяй у медыцынскай сферы Наваградскага раёна.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара