Таццяна Вішнеўская: Дапамагала каціць інвалідны вазок. Штраф абскардзіць не ўдалося
Віцебскі абласны суд пакінуў без зменаў пакаранне Таццяне Вішнеўскай, аштрафаванай на 30 базавых велічынь (540 рублёў) за ўдзел у мірным маршы 11 кастрычніка.
Настаўніца расейскай мовы з аграгарадка “Акцябрская” адгукнулася на просьбу жанчыны з інваліднасцю 1-й групы, якая была гатова ўзяць удзел у маршы на інвалідным вазку. За дапамогу 56-гадовай Валінціне Крыштопенка і за асабісты ўдзел у мірным маршы Таццяну Вішнеўскую асудзілі, суткі пратрымаўшы пад вартай у ІЧУ. Жанчына лічыць, што падчас затрымання і суду былі парушаны ейныя правы:
– Дапамагала каціць вазок інваліду – чытала, што яна пісала пра тое, што таксама выйшла б на марш, але не можа хадзіць. Яна шукала, хто можа дапамагчы. І мы прайшліся разам. Але ў судзе вырашылі, што гэта быў нейкі асабліва актыўны ўдзел з майго боку. Суд быў праз скайп, і я таксама была супраць – я хацела, каб суд быў адкрыты. І я нават не магла пазнаёміцца з матэрыяламі справы.
На маршы 11 кастрычніка Таццяна Вішнеўская была разам са сваёй дачкой, 10-гадовая Ксеніяй. У сям’і гадуецца і 9-гадовы сын Данііл. Апрача справы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць настаўніцы распачалі і адміністрацыйную справу за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Але пазней яе скасавалі праз адсутнасць складу правапарушэння. Што да жанчыны ў інвалідным вазку, то яе таксама аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, але штраф далі “па мінімуме” – 7 базавых велічынь (189 рублёў).
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск