Таццяна Зялко: Людзей садзяць кожны дзень



Беларусы зараз вельмі маральна прыгнечаны. Жорсткія рэпрэсіі, якія з 2020-га года не спыняюцца, цяжкім каменем леглі на плечы свядомых грамадзян. Вайна з Украінай, у якую ўцягнута пакуль ускосным чынам і Беларусь, пагоршыла і без таго складаную сітуацыю.

Пра стан беларускага грамадства карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч паразмаўляла з лідаркай ініцыятывы „Наша пакаленне” Таццянай Зялко:

РР: Мне падаецца, цяпер у беларусаў цяжкі маральны стан. Чым гэта выклікана?

– Вельмі цяжка маральна і фізічна людзям. Абстаноўка такая, бо людзей саджаюць, саджаюць кожны дзень кагосьці, прычым саджаюць ні за што. Канешне кожны баіцца, людзей застрашылі, гэта вельмі страшна. Калі людзі зусім застрашаныя, то ўжо ўсё. У нас у паліклініках не трапіць ні куды, лекараў не хапае, медсясцёр не хапае. Ідзе вайна, ціхая вайна.

РР: Ідзе вайна?

– Ідзе вайна са сваім народам, абсалютна ні на што не глядзяць. У нас чамусьці ўжо на грузчыкаў перакінуліся. Аднаго грузчыка, які працаваў на полацкім прадпрыемстве, ён быў ідэйны „ябацька”. Падчас выбараў ён служыў у АМАПе, разганяў мітынгі і казаў: „Я б іх пазабіваў”. Яму далі тры гады за каментар таму, што напісаў: „Зельцэра расстралялі, Зельцэр страляў”. Ён кажа: „Я б таксама страляў. Я б яшчэ і барыкаду паставіў”. Другі таксама ў віна-водачнай краме грузчыкам. Кажа: „Калі б да мяне ўварваліся, то я б таксама страляў”. Аднаму далі 3,5 гады, а другому 2. Ну вось вам калі ласка, яны не глядзяць свае-мае. Дык мала за тое, гэты яшчэ, які працаваў у віна-водачнай краме быў ідэйным „ябацькам”. Ён з чырвона-зялёным сцягам на мітынгі хадзіў, за „бацьку” выступаў. Тым не менш яго пасадзілі.

РР: То бок цяпер у Беларусі ніхто не абаронены?

Абсалютна ніхто не абаронены. У мяне такое меркаванне складаецца, што нашай міліцыі трэба паказаць, якая яна актыўная. Чым больш яны пасадзяць, тым больш яны пакажуць, як яны патрэбныя краіне, бо без іх нельга. Усе ж разумеюць, што ні сёння-заўтра , калі будуць адкрываць фронт з Украінай з беларускага боку, то каго трэба прызываць? У нас 80% на вуліцы былі, 80% хадзілі на мітынгі. Не іх жа выклікаць і даваць зброю, бо хто ведае, куды яны яго павернуць. Вы ж разумееце, што людзі, якія ідэйныя, якія хацелі перамен, яны нікуды гэтую сваю „хацелку” не падзелі, яна засталася ў галаве. Няхай яны сёння маўчаць, сядзяць дома, але я думаю, што яны чакаюць моманту.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

„Госця Рацыі” лідарка ініцыятывы „Наша пакаленне” Таццяна Зялко. Размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя