Таццяну Нядбай дапытвалі ў СК каля трох гадзін
Намесніцу старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай 3 лютага прыблізна тры гадзіны дапытвалі ў Следчым камітэце.
Нядбай паведаміла БелаПАН, што дала падпіску аб неразгалошванні, таму не можа сказаць, пра што быў допыт. Яна адзначыла, што „следчы быў карэктны”. „У гэтым плане ўсё было добра”, — сказала віцэ-старшыня арганізацыі.
Інфармацыя аб допыце Нядбай напярэдадні з’явілася ў тэлеграм-канале Беларускага ПЭН-цэнтра.
„Складана сказаць, што насамрэч з’яўляецца прычынай увагі, — заўважыла яна ў гэтым паведамленні. — Калі я добра разумею, цікавіць маё мінулае месца працы — „Прэс-клуб”, з якім я супрацоўнічала да 2017 года. Допыт прызначаны на 3 сакавіка а 11-й гадзіне, збіраюся ісці з адвакатам”.
„Прапаную сачыць за сітуацыяй, таму што сёння нярэдкія выпадкі, калі людзі заходзяць на допыт у адным статусе, а выходзяць (ці не) у іншым. Ёсць дакладнае разуменне, што мы не робім і не рабілі нічога кепскага, дзейнічаем выключна ў інтарэсах сваёй краіны і зробленым можам ганарыцца”, — адзначыла Нядбай.
Беларускі ПЭН-цэнтр Нядбай узначальвала з восені 2017 года да восені 2019-га, калі на чарговым з’езде аб’яднання дэлегаты абралі кіраўніцай Святлану Алексіевіч. Да ўваходжання ў склад кіраўнікоў ПЭН-цэнтра была каардынатарам „Прэс-клуба Беларусь”.
22 снежня 2020 года ў офісе „Прэс-клуба” і дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі вобшукі і агляды. Пасля гэтага было затрымана шэсць чалавек: заснавальніца арганізацыі Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Акадэміі „Прэс-клуба” Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі (сын Юліі Слуцкай), а таксама Ксенія Луцкіна — член асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, звязаная з праектам „альтэрнатыўнага тэлебачання” на YouTube, дачыненне да якога мела Акадэмія „Прэс-клуба”.
Слуцкую падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну, Слуцкага — у саўдзеле. 31 снежня Слуцкай, Альшэўскаму, Слуцкаму і Луцкінай былі выстаўленыя абвінавачанні, Якупава дэпартавалі ў Расію без выстаўлення абвінавачання. У пачатку студзеня сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Следчага камітэта амаль 110 тыс. рублёў як забеспячэнне кампенсацыі магчымай шкоды.
23 лютага дачка Юліі Слуцкай Аляксандра паведаміла БелаПАН, што фігурантам справы „Прэс-клуба” працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы. Паводле яе слоў, да 23 красавіка за кратамі застануцца яе мама і брат, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі. Інфармацыі пра Ксенію Луцкіну ў Аляксандры няма, але мяркуючы па тым, што яна не выйшла на волю, меру стрымання працягнулі і ёй.
Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў „Прэс-клуба” палітзняволенымі.
Фота: ПЦ „Вясна”