Таццяну Севярынец аштрафавалі яшчэ на 810 рублёў



Пасля некалькіх пераносаў завяршыўся судовы працэс над віцебскай каардынатаркай аргкамітэта БХД, які  праходзіў у судзе Чыгуначнага раёна Віцебска. Таццяну Севярынец аштрафавалі за нібыта парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, што прайшлі 31-га траўня і 7-га чэрвеня.

Суддзя Дзяніс Аляксеенка “ацаніў” абодва правапарушэнні ў 30 базавых велічынь, кажа актывістка:

– Гэта не суды, я яшчэ раз кажу, – гэта судзілішчы! Як над іншымі людзьмі, так і нада мной. Малады хлопчык, якому я па ўзросце падыходжу ў мамкі, а то і ў бабулі, разы ў два з паловай за мяне маладзейшы, палічыў, што я ўсё-ткі вінаватая. І парушыла зусім ганебны артыкул 23.34.

Таццяна Севярынец не прызнае свае віны. Пра тое, што пікеты па зборы подпісаў не падпадаюць пад дзеянне КаАП – яны рэгулююцца выбарчым заканадаўствам, гаворыць і Аляксандр Якушкоў – яго за падобныя правапарушэнні не аднойчы каралі арыштамі:

– Цалкам чакана. Няўжо спадзяваліся, што Таццяну Яўгенаўну апраўдаюць і скажуць, што яна брала ўдзел у дазволеным мерапрыемстве ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам?  Не! Закон аб масавых мерапрыемствах – яны паўсюль спасылаюцца на яго для чыноўнікаў, для сваіх міліцыянтаў, для сваіх суддзяў. 

Актывісты перакананыя,  што пікеты па зборы подпісаў нельга лічыць несанкцыянаванымі, бо яны праводзяцца па заяўным прынцыпе і не вымагаюць дазволу ўладаў. Таксама  выбарчае заканадаўства не забараняе як выступаў на такіх пікетах, так і наяўнасці плакатаў. Між тым, каля 20-ці жыхароў Віцебска былі аштрафаваныя і пакараныя “суткамі” за прамовы на пікетах па зборы подпісаў, дзе выкарыстоўваліся плакаты “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”, “Стоп таракан” і “Лукашэнка – каронавірус Беларусі”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск