Таццяну Смоткіну зноў выклікаюць у міліцыю



Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы нашу калегу Таццяну Смоткіну выклікалі ў міліцыю ў Докшыцы. У позве пазначана, што яе выклікаюць у міліцыю як асобу, супраць якой вядзецца расследаванне. Падобнае «запрашэнне» ў Докшыцы атрымаў і журналіст Зміцер Лупач.

Кажа Таццяна Смоткіна:

– Мне дадому прынёс позву ўчастковы інспектар Докшыцкага РАУС Дзмітрый Юхновіч. Ён сказаў, што трэба будзе прыйсці ў Докшыцкі РАУС і што ў дачыненні да мяне вядзецца адміністрацыйны працэс, як напісана ў позве. Трэба з’явіцца там 4 траўня. Мне ўвечары патэлефанаваў знаёмы журналіст і сябра Зміцер Лупач, якога таксама шукалі докшыцкія міліцыянты, тэлефанавалі і таксама запрасілі ў міліцыю.

Таццяна Смоткіна не ведае, у якой канкрэтна справе яе выклікаюць у міліцыю. Журналістку неаднаразова прыцягвалі  да адміністрацыйнай адказнасці за матэрыялы, размешчаныя на сайце нашага радыё. Раней незалежная журналістка была прызнана вінаватай у парушэнні заканадаўства аб СМІ за супрацу з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя