Таццяну Юхо аштрафавалі на 870 рублёў за распаўсюд “Витебского вестника”
“Витебский вестник” – гэта дайджэст навінаў з незалежных інтэрнэт-сайтаў і СМІ, ён арыентаваны на чытачоў сталага веку, якія прызвычаіліся атрымліваць інфармацыю з друкаваных медыяў.
Як распавяла ў судзе сама Таццяна Юхо, яе затрымалі падчас распаўсюду выдання ў прыватным сектары Віцебску:
– Затрымалі мяне міліцыянты. Сказалі, што ім паступіў званок, што распаўсюджваюць матэрялы, якія ўтрымліваюць матэрыялы супраць міліцыі і АМАПу. Гэта ўсё няпраўда! Я насамрэч па паштовых скрынях распаўсюджвала матэрыялы, але нічога экстрэмісцкага ці супрацьзаконнага ў гэтых матэрыялах няма.
Суддзя райсуду Чыгуначнага райну Алена Цыганкова прызнала жанчыну вінаватай за распаўсюд незарэгістраванага выдання паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яна аштрафавала Таццяну Юхо на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Падтрымаць жанчыну ў судзе прыйшлі чытачы “Витебского вестника”. Адзін з іх, пенсіянер Анатоль Мацьвееў, лічыць, што гэта вельмі патрэбнае выданне:
– Там вельмі добрая інфармацыя, праўдзівая. Ва ўсіх іншых газетах падаецца няпоўная інфармацыя, або інфармацыя з каментарамі, якія пераварочваюць сутнасць і факты ў іншы бок. Таму гэтая газета, “Витебский вестник”, нібыта глыточак свабоды.
Дайджэст “Витебский вестник” выдаюць і распаўсюджваюць валанцёры. Апрача яго, у абласным цэнтры няма ніводнага незалежнага друкаванага выдання.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск