Таварыства беларускай культуры Літвы адсвяткавала 35-годдзе
35-годдзе заснавання адзначыла Таварыства беларускай культуры ў Вільні. Святочная імпрэза пачалася з канферэнцыі пад назвай „Беларусы ў Літве: учора і сёння”. На ёй прысутнічалі беларусы і ганаровыя госці, сярод якіх старшыня клуба “Гервяты”, першы амбасадар Літвы ў Беларусі Альфонсас Аўгуліс, дацэнт кафедры гісторыі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, доктар Русціс Камантавічус, дырэктар Літоўскага фонду культуры і ўнук Вацлава Ластоўскага Рымантас Матуліс ды іншыя.

Як кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч, выйшла так, што іх арганізацыя мае больш стасункаў з літоўскімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі ўстановамі, чым з беларускімі арганізацыямі:
– Беларускіх арганізацый тут больш за 35, перад канферэнцыяй я шмат каму разаслаў запрашэнні: не адказалі, не павіншавалі, не прыйшлі, за выключэннем Валянціна Стэха. Але яго арганізацыя заснавалася яшчэ раней за ТБК. Вось мы існуём паміж сабой. А так можна, нават лагічна было б, атрымаць віншаванні ад іншых беларускіх арганізацый. Гэтага не адбылося.

На канферэнцыі было закранутае пытанне цяперашніх стасункаў літоўцаў і беларусаў. Дацэнт кафедры гісторыі ўніверсітэта Вітаўта Вялікага, доктар Русціс Камантавічус сказаў, што літоўцы не хочуць заўважаць беларусаў. І гэта выклікала ў некаторых гарачую дыскусію.
– Па меншай меры беларускі погляд на літоўцаў нашмат больш пазітыўны, чым літоўцаў на беларусаў. То бок праблема тут у двухбаковых рашэннях не на беларускім баку, а на літоўскім. Гэта літоўцы не хочуць бачыць. Яны бачаць і адначасова не хочуць бачыць. Трэба рашаць у першую чаргу на літоўскім баку.
А зараз што атрымліваецца, што ўсе ў Літве занятыя пытаннямі, калі беларусы акупуюць Вільню, той жа літвінізм, калі аднімуць мінулае. Вось такое трызненне.
Нягледзячы на такія непаразуменні, на імпрэзе прысутнічала шмат літоўцаў, якія падтрымліваюць беларусаў, а само свята пачалося з выканання двух гімнаў – Літвы і Беларускай Народнай Рэспублікі:
На святкаванні таксама прысутнічалі ўніяцкія святары, якія прачыталі малітву за беларусаў і распавялі пра гісторыю ўніяцкай царквы ў Вільні і яе дзеячаў.
Імпрэза адбылася пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
















Беларускае Радыё Рацыя
