Таварыства інвалідаў па зроку адзначае 90-ыя угодкі
Найстарэйшая грамадская арганізацыя Беларусі, Таварыства інвалідаў па зроку, працягвае мерапрыемствы з нагоды сваіх дзявяностых угодкаў.
На Берасцейшчыне аб’яўлены творчы конкурс для людзей з захворваннем вачэй і працягваецца знаёмства з сучаснымі сродкамі рэабілітацыі. З Берасця ў рэгіёны робяцца адмысловыя выезды.
Кіраўніцтва таварыства ставіць перад сабою дзве мэты: паказаць грамадству, што ўсе роўныя ў здольнасцях і выцягнуць інвалідаў па зроку ў актыўнае жыццё.
Старшыня абласнога таварыства Ірына Юрэня адзначыла зацікаўленасць чальцоў арганізацыі ў такіх акцыях:
– У людзей зацікаўленых з’яўляецца і магчымасць сустрэчаў, і магчымасць у нечым сябе праявіць.
З канца мінулага году Беларускае таварыства інвалідаў па зроку распачало серыю мерапрыемстваў прысвечаных дзявяностым угодкам.
Таварыства заснавалі 30 навучэнцаў Менскай вучэльні ў лістападзе 1924-га году. Старшынём быў абраны Ісідор Воўчак, першы ў Беларусі сляпы, які атрымаў вышэйшую адукацыю і абараніў кандыдацкую працу.
Беларускае Радыё Рацыя