Таямнічы свет кажаноў



Таямнічы свет кажаноў” – з такой прэзентацыяй пазнаёміў глыбачан старэйшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Аляксей Шпак. Сустрэча адбылася ў Парафіяльным доме ў межах курсаў “Мова нанова”. Паводле навукоўца, чэрвень – гэта пара нараджэння кажаноў. У Беларусі іх налічваецца 19 відаў, з іх 8 – занесеныя ў Чырвоную кнігу.

Як кажа Аляксей Шпак, у свеце каля 1300 розных відаў кажаноў, што складае 25% ад сусветнай фаўны млекакормячых. Але іх колькасць скарачаецца. Таму, напрыклад, у Еўропе ўсе віды кажаноў занесеныя ў Чырвоную кнігу.

Адна самка нараджае аднаго-двух, не больш. Гэта таксама вельмі цікава, бо мы са школьнага курса біялогіі ведаем, што такія дробныя млекакормячыя звычайна нараджаюць шмат дзіцянят. А кажаны нараджаюць вельмі мала. Гэта адзін з такіх фактараў пагрозы, бо яны вельмі-вельмі павольна ўзнаўляюць сваю колькасць.

Па словах Аляксея Шпака, у многіх людзей склалася негатыўнае ўражанне пра кажаноў. Вучоны тлумачыць гэта тым, што людзі проста не бачылі іх. Яны пужаюцца кажаноў да той пары, пакуль не ўбачаць іх і не зразумеюць, што насамрэч кажан – прыгожая і карысная істота. Карысная яна тым, што за адну ноч з’ядае шкодных казурак у палову сваёй вагі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі