ТБК у Літве і Віленскае аддзяленне Саюдзіса падпісалі зварот у абарону Курапатаў
Таварыства беларускай культуры ў Літве і Віленскае аддзяленне Саюдзіса Літвы падпісалі і накіравалі зварот у абарону Курапатаў у розныя кіраўнічыя інстытуцыі Літвы і Беларусі.
У прыватнасці, кіраўнікам Беларусі і Літвы Аляксандру Лукашэнку і Далі Грыбаўскайтэ, міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею, старшыням Канферэнцый каталіцкіх біскупаў Беларусі і Літвы і іншым асобам і арганізацыям. У тым ліку зварот накіраваны ўладальнікам рэстарана “Поедем поедим”.
Курапаты – месца, дзе спачываюць дзясяткі тысяч невінаватых ахвяраў сталінскага тэрору, людзі розных нацыянальнасцей (беларусы, рускія, літоўцы, палякі, габрэй, латышы …) і паходжання. Гэта непроста маўклівыяі невядомыя ахвяры – гэта нашыя з вамі бабулі і дзядулі, іх суседзі, родныя, блізкія, знаёмыя. Тыя, чые жыцці незаконна абарвала тая сталінская сістэма. І сёння, замест таго, каб ім даць спакойна спачываць, і чакаць уваскрэшання і жыцця вечнага, на іх костках пабудаваны забаўляльна-рэстаранны комплекс, дзе людзі будуць весяліцца, танцаваць, выпіваць, тым самым зневажаць іх святую памяць, а тым самым і памяць сваіх дзядоў і прадзедаў.
Паводле інфармацыі з адкрытых крыніцаў, СТАА “БелРэстІнвест”, будуючы аб’ект у ахоўных зонах Курапатаў, груба парушыла закон, праігнаравала пастановы Міністэрства Культуры і Прадстаўленне Генеральнай пракуратуры ад 2012 года.
Мы патрабуем ад кампетэнтных органаў ануляваць усе рашэнні, звязаныя з дазволам на будаўніцтва ў ахоўных зонах мемарыяла Курапаты, і абавязаць Мінкультуры вярнуцца да “Праекту зон аховы помніка гісторыі “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій “Курапаты”, распрацаваным Кукуняй О.Р, Т.Ф.Косціч і ўхваленым на Навуковай Радзе Мінкультуры (Пратакол № 85) 20.05.2003 года, як адзінаму законнаму дакументу. Будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплеса ”Поедем поедим” (былая назва “Бульбаш-хол”) прызнаць незаконным.
Патрабуем спыніць пераслед актывістаў, якія бароняць мемарыял Курапаты, і спыніць супраць іх усе рэпрэссіі, у тым ліку адмяніць выпісаныя ім штрафы.