ТБМ патрабуе вярнуць беларускую мову ў заканадаўства (абноўлена)



zakony

Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Беларусі  з прапановай вяртання беларускай мовы ў нацыянальнае заканадаўства. Гэта ўжо чарговы зварот, як кажа старшыня таварыства Алег Трусаў, таму ён звяртаецца да ўсім, каму неабыякавы лёс роднай мовы, накіроўваць такія звароты ў палату.

–   Каб не толькі мы звярталіся, але і ўсе зацікаўленыя грамадзяне. Гэтым разам мы масава хочам падключыць простых грамадзян, каб яны па электроннай ці звычайнай пошце звярталіся з той жа прапановай. Ёсць узор ліста, які мы напісалі. Па гэтым узоры і вы можаце напісаць зварот, толькі паставіць сваё прозвішча.

Узор звароту  да Палаты прадстаўнікоў размешчаны на сайце ТБМ. У звароце, між іншым, чытаем: “Цяпер амаль усе законы ў нашай краіне прымаюцца толькі на рускай мове і не існуе афіцыйнага перакладу іх на дзяржаўную беларускую мову, што з’яўляецца парушэннем дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Сакратарыят Таварыства беларускай мовы зрабіў зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь пра вяртанне беларускай мовы ў беларускае заканадаўства.

Цяпер амаль усе законы ў нашай краіне прымаюцца толькі на расейскай мове і не існуе афіцыйнага перакладу іх на дзяржаўную беларускую мову, што з’яўляецца парушэннем дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў:

Звяртаецца шмат людзей, якія скардзяцца на тое, што большасць законаў прымаецца толькі па-расейску. Тыя людзі, якія хочуць мець заканадаўства па-беларуску, самі мусяць перакладаць – з памылкамі. Суддзі кажуць, што гэта неафіцыйны пераклад. Парушаецца канстытуцыйнае права грамадзян працаваць у судах па-беларуску. Таму мы лічым, што паколькі вы прынялі так званы рэферэндум, то і давайце законы адразу прымайце на дзвюх мовах. А так па-беларуску мала законаў прымаецца, можа адзін з сотні… Па культуры пара законаў, а астатнія прымаюцца па-расейску. Афіцыйныя пераклады не робяць.

У звязку з гэтым Таварыства беларускай мовы прапануе з 1 верасня ўсе законы і падзаконныя акты адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад папярэдніх законў, якія былі прынятыя толькі на расейскай мове, на дзяржаўную беларускую мову і змясціць іх на адпаведных сайтах.

 Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя