ТБМ распрацавала канцэпцыю законапраекта аб дзяржпадтрымцы беларускай мовы
Грамадскае аб`яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) распрацавала канцэпцыю законапраекта „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”, які скіраваны на пашырэнне і ахову функцыянальнага асяроддзя для зберажэння і забеспячэння перспектывы развіцця беларускай мовы. Поўны тэкст дакумента апублікаваны на сайце ТБМ.
Згодна з канцэпцыяй законапраекта, беларуская мова з`яўляецца атрыбутам беларускай нацыянальнай адметнасці; гарантыяй нацыянальнай тоеснасці і фактарам яднання беларускага народу; нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю; гарантыяй дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, яе еднасці і непадзельнасці.
Аўтары дакумента ўпэўненыя, што ў выніку „працяглай адсутнасці дзяржаўнага суверэнітэту” беларуская мова вымагае „дадатковай падтрымкі ў параўнанні з мовамі, якія належаць народам з бесперапыннай традыцыяй нацыянальнай дзяржаўнасці і маюць статус міжнародных”.
Аб`ектам аховы дзяржавы, паводле канцэпцыі законапраекта, ёсць беларуская вусная і пісьмовая літаратурная мова, лексіка і фразеалогія, дыялектная мова, старабеларуская мова, графічныя сістэмы і арфаграфічныя традыцыі, тапанімія, традыцыйны іменаслоў і сістэмы наймення людзей.
У дакуменце замацаваны абавязак дзяржавы спрыяць павышэнню моўнай культуры грамадзян, ствараць умовы для захавання дыялектаў, помнікаў пісьменства беларускага народа, забяспечваць фармаванне і развіццё беларускай тэрміналогіі для ўсіх галін навукі, сфер дзяржаўнай дзейнасці і гаспадаркі. Апрача таго, на дзяржаву ўскладзена адказнасць за падтрымку на прыярытэтнай аснове галін навукі, якія займаюцца даследаваннем беларускай мовы, а таксама за падтрымку выдання навуковых і папулярных прац у пытаннях беларускай мовы, перакладаў на яе даведкавай, навучальна-метадычнай, мастацкай літаратуры, мастацкіх, дакументальных, мультыплікацыйных і навучальных фільмаў.
Прэзідэнт, згодна з дакументам, мусіць дасканала валодаць беларускай мовай, ставіцца да яе, як да „нацыянальнай святыні і дзяржаўнай каштоўнасці”, карыстацца ёю не менш чым рускай, а ўсе ягоныя ўказы павінны выдавацца на абедзвюх дзяржаўных мовах. Ён таксама мусіць арганізоўваць дзейнасць усёй уладнай вертыкалі на беларускай мове, асабістым прыкладам падтрымліваць і прапагандаваць беларускую мову на афіцыйных, публічных, культурніцкіх ды іншых мерапрыемствах.
Законапраект таксама ўтрымлівае нормы па забеспячэнні дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы Нацыянальным сходам, Саветам міністраў, Нацыянальнай акадэміяй навук, а таксама шэрагам міністэрстваў — адукацыі, культуры, інфармацыі, працы, спорту і турызму, гандлю, транспарту, абароны, унутраных спраў, юстыцыі, а таксама пагранічным і мытным камітэтамі, Камітэтам дзяржбяспекі, Белтэлерадыёкампаніяй ды іншымі дзяржаўнымі структурамі.
Шэраг абавязкаў па падтрымцы і пашырэнні ўжывання беларускай мовы ўскладзеныя на органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі, палітычныя партыі і грамадскія аб`яднанні.
Кантраляваць выкананне гэтага закона прапануецца Дэпартаменту беларускай мовы пры прэзідэнце, які мусіць быць адмыслова створаны для гэтай мэты.