ТБМ удалося аплаціць усю завінавачанасць па арэндзе
Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) удалося сабраць неабходную колькасць ахвяраванняў, каб аплаціць усю завінавачанасць па арэндзе памяшкання на вуліцы Румянцава, 13, дзе месціцца галоўная сядзіба, напісала 18 мая на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” старшыня арганізацыі Алена Анісім.
„Неверагодна! Я ўсё яшчэ не магу паверыць у такі цуд: бухгалтар паведаміла, што мы разлічыліся з даўгамі па арэндзе сядзібы. Дарагія, шаноўныя сябры! Дзякуй вам вялікі за падтрымку!” — адзначыла яна.
14 мая Анісім паведаміла БелаПАН, што прадстаўнікі арандадаўцы — камунальнага прадпрыемства „Мінскія гарадскія інтэрнаты” — запатрабавалі ад ТБМ тэрміновай аплаты завінавачанасці. На той момант асноўная завінавачанасць грамадскага аб`яднання перад прадпрыемствам складала 15 тыс. рублёў, пеня за нявыплату ў час — 5 тыс. рублёў. Доўг утварыўся цягам паловы 2020 года і пяці месяцаў 2021-га.
„Акрамя ўсяго, яны патрапілі, калі ў нас праходзілі заняткі па беларускай мове для школьнікаў, іх гэта зачапіла, — казала кіраўнік ТБМ. — Ім спрабавалі патлумачыць, што курсы для школьнікаў — гэта наша статутная дзейнасць. Яны нічога не сталі слухаць, пачалі крычаць, што яшчэ будуць падымаць дамовы і глядзець, маўляў, „вы не мэтава выкарыстоўваеце арандаваныя памяшканні”. Упершыню такая сітуацыя. Мы зразумелі, што на арганізацыю зараз ідзе пэўны накат. Гэта, відавочна, не проста так”.
Паводле слоў старшыні арганізацыі, сёлета, бліжэй да канца лета, заканчваецца тэрмін арэнды памяшкання сядзібай ТБМ. Яна выказвала думку, што, „хутчэй за ўсё, у далейшай арэндзе адмовяць”.
Пасля візіту прадстаўнікоў арандадаўцы Анісім звярнулася да грамадзян з просьбай дапамагчы з пагашэннем завінавачанасці.
ТБМ заснаванае ў 1989 годзе для падтрымкі і развіцця беларускай мовы і культуры, а таксама абароны лінгвістычных правоў грамадзян.