ТБМ заахвочвае да беларускіх класаў
Сябры Таварыства беларускай мовы Гародні напярэдадні заканчэння навучальнага года правялі сустрэчы з бацькамі дзетак, якія сёлета пойдуць у першыя класы пачатковых школаў.
Галоўная задача – заахвоціць бацькоў, якія не вызначыліся, аддаваць дзяцей у першыя беларускія класы, якіх сёлета павінна адкрыцца па адной ў 32-й і 34-й школах Гародні.
Якая сітуацыя з садкамі, дзе працэс выхавання вядзецца на роднай мове, распавядае Алесь Крой:
– У нас у лідарах 45 садок у Ленінскім раёне на Сухамбаева 5. У гэтым садку ў мінулым годзе выйшла група дзетак, якія пайшлі вучыцца ў 32 школу, у іншыя навучальныя ўстановы горада, і нават у 23 гімназію ў Менск. Дзве групы на сёння ў гэтым садку беларускамоўныя, там каля 30 чалавек. Чацвёртая група па ініцыятыве сям’і Станкевічаў у Кастрычніцкім раёне.
Праблему Алеь Крой бачыць у тым, што у Кастрычніцкім раёне Гародні пакуль няма беларускіх груп ды беларускіх садкоў. Таму, з боку гарадзенскага аддзела адукацыі было б сэнсоўным ісці за сваімі дэкларацыямі ў напрамку пашырэння беларускай мовы. Такім дзейсным крокам магла бы стаць беларуская група ў 65-м садку на вуліцы Рэпіна.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня