Тэалагічныя сустрэчы ў Гародні



Значэнне Эўхарыстыі ў місіі і Божа міласэрнасць. Канферэнцыі на гэтыя тэмы прагучалі на  Нацыянальным  Эўхарыстычным Кангрэсе, які праходзіць у Гародні. Падобныя тэалагічныя сустрэчы для Каталіцкай царквы ў Беларусі не адзінкавыя, як кажа ўдзельнік форуму біскуп Юры Касабуцкі з Менска.

– Гэта практыка. У нас арганізуюцца розныя мерапрыемствы. І заўсёды запрашаюцца людзі, якія рыхтуюць рэфераты, даклады, прамовы, што дапамагаюць зразумець нам пэўныя рэчы. Практыкуем гэта і ў Менску. Тое ж практыкуюць і нашы браты-праваслаўныя. Бо ў чацвер у Менску пачынаюцца КірылаМяфодзіеўскія чытанні. Гэта нармальная практыка.

Апошняя канферэнцыя, якая завяршыла навуковую частку кангрэса, гэта „Божая міласэрнасць як заклік да сучаснага свету”. Правёў яе папскі легат, кардынал Зянон Грахалеўскі. Ён жа ўзначаліць эўхарыстычную працэсію, якая каля 19:00 пройдзе па вуліцах Гародні. Яна прымеркавана святу Божага цела. Прымуць удзел у ёй вернікі Беларускай грэка-каталіцкай і рыма-каталіцкай цэркваў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня