Тэатральны супраціў і палітыкі без вопыту



У Беларусі трывае 219-ы дзень пратэстаў, падчас якіх беларусы прадэманстравалі надзвычай высокі ўзровень культуры супраціву.

Пратэст праявіў сябе ў самых розных формах, адна з якіх гэта тэатральны супраціў, пра які гутарыў Стэфан Глушакоў з госцем Рацыі – дацэнтам Кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, прафесарам Андрэем Масквіным:

Мне  б хацелася распавесці  пра тэатральны супраціў. Гэта  вельмі важная падзея, якая  адбывалася, што амаль увесь тэатр, наш беларускі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, выступіў супраць тых рэпрэсій, якія пачаліся вельмі хутка, на наступны дзень пасля выбараў. І акцёры тэатра запісалі некалькі ролікаў, у гэтым удзельнічаў мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін. І галоўнае – дырэктар тэатра Павел Латушка.  Мы ўсе ведаем, чым гэта скончылася, але гэты працэс, тое, што адбылося, што быў знішчаны беларускі нацыянальны тэатр у выніку тых падзей  – гэта вельмі важная і цяжкая з’ява для беларускай культуры. Знішчэнне тэатра было свядомае, бо ўлада зразумела, што тэатр выказаў  не толькі сваю грамадзянскую пазіцыю, але гэты тэатр прапанаваў нейкі нацыянальны код для беларускай культуры. І таму знішчэнне тэатра – гэта  яшчэ і знішчэнне не толькі акцёраў, не толькі трупы, але і знішчэнне той канцэпцыі, той ідэі, якая стварылася на працягу адзінаццаці гадоў Мікалаем Пінігіным як мастацкім кіраўніком у тэатры. Гэта вельмі страшная з’ява, якая будзе мець вельмі прыкрае наступства не толькі для гэтага тэатра, але і для ўсё беларускай культуры.

РР: Тут я вас працытую, было такое выказванне: зараз пратэст назапашваецца паўсюль – у Польшчы ды іншых краінах з-за таго, як мне падаецца, што людзі, каторыя прыходзяць да ўлады, няправільна разумеюць і скажаюць сутнасць дэмакратыі. А як вы разумееце дэмакратыю ў кантэксце актывізму?

– Мне здаецца, што тыя ідэі звязаныя з тым, якой павінна быць дэмакратычная дзяржава, яны былі ўжо напісаныя, прадстаўленыя шмат год таму. І доўгі час усе дзяржавы свету  існавалі паводле гэтых ідэй, паводле гэтых канцэпцый. Але апошнім часам адбываюцца падзеі, якія, на жаль, прыводзяць да таго, што мы забываемся на асновы дэмакратычнага грамадства, дэмакратычнай дзяржавы. Чаму гэта адбылося?  Мне здаецца, што ва ўладу прыходзяць палітыкі сярэдняга пакалення і нават маладога, якія не ведаюць і нават не разумеюць, што такое дэмакратычная дзяржава. Яны яшчэ не маюць вопыту, таму і  адбываецца вось гэтае парушэнне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: kolastheatre.by