TEDxHrodnaLive – трансляцыя TED-канферэнцыі з Ванкувера
Ужо не ўпершыню гарадзенцаў запрашаюць паўдзельнічаць у мерапрыемстве ў стылі TED. У гэты раз жыхары горада змогуць паглядзець прамую трансляцыю вялікай сусветнай канферэнцыі з тэмай “Час здзіўлення”, якая адбудзецца ў Ванкуверы.
TED – вялікая канферэнцыя, якая штогод, з 1984 года, аб’ядноўвае людзей з усяго свету пад дэвізам “Ideas worth spreading” (анг. “ідэі, вартыя распаўсюду”). Літары TED абазначаюць з ангельскай мовы: technology, entertainment, design; (тэхналогіі, забавы, дызайн). Сярод выступоўцаў канферэнцыі былі Стывен Хокінг, Біл Гейтс і Біл Клінтан. Некаторыя з выступленняў размяшчаюцца на сайце канферэнцыі www.ted.com.
У гэтым годзе канферэнцыя праходзіць з 10 па 14-ае красавіка пад назвай “Time of amazement” ( анг. “час здзіўлення”), і ўжо 15-га красавіка яе змогуць паглядзець гарадзенцы.
Уся праграма канферэнцыі складаецца з 11 сесій, але ў Гародні пакажуць 2-3 сесіі. Пра тое, што будзе паказана, вырашаць самі ўдзельнікі мерапрыемства праз галасаванне пры запаўненні формы рэгістрацыі.
Як заўважае адна з арганізатарак мерапрыемства, Ганка Барадзіна, варта туды прыйсці ”каб глядзець канферэнцыю ўжывую, да таго, як прамовы з’явяцца на сайце ted.com, глядзець іх тэматычнымі блокамі і бачыць, як арганізаваны гэты вялікі івэнт, абмяркоўваць у цікавай кампаніі. Таксама гэта добры шанец пракачаць ангельскую, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і ідэямі.”
Мерапрыемства распачнецца ў 11.00 па адрасе Будзёнага 48а-86. Каб паўдзельнічаць, неабходна зарэгістравацца па спасылцы.
Усе прамовы будуць адбывацца на ангельскай мове.
Далучыцца да падзеяў можна ў фэйсбуку і ўкантакце.
Беларускае Радыё Рацыя