Telegram-канал «Хартыя-97» прызналі экстрэмісцкім



Тэлеграм-канал з’явіўся ў пераліку экстрэмісцкіх матэрыялаў, апублікаваным на сайце Міністэрства інфармацыі.

Рашэнне аб прызнанні каналу экстрэмісцкім прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску 16 ліпеня.

У той жа дзень гэты суд прызнаў экстрэмісцкімі Telegram-канал і YouTube канал «Рудабельская паказуха», а таксама Telegram-каналы «Буслы ляцяць» і чат «Буслы ляцяць Chat». Таксама 16 ліпеня суд Менскага раёну прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-чат «Новая Баравая 98%».

Сайт «Хартыя-97» заблакавалі ў Беларусі яшчэ ў 2019 годзе. 

Тое, што цяперашнія ўлады Беларусі прызналі тг-канал «Хартыі» экстрэмісцкім ягоная галоўная рэдактарка Наталля Радзіна лічыць за гонар: «Мяне раней з рознымі прэміямі і ўзнагародамі менш людзей віншавала, чым сёння», – напісала яна ў Фэсбуку.

Сайт «Хартыя-97» быў створаны ў 1997 годзе. Ягоны стваральнік і кіраўнік журналіст Алег Бябенін быў знойдзены павешаным у верасні 2010 году. Абставіны яго смерці застаюцца нявысветленымі.

Наталля Радзіна, якая змяніла Бябеніна на пасадзе рэдактара «Хартыі», была арыштаваная ў ноч на 20 снежня 2010 году, правяла паўтара месяца ў СІЗА КДБ, пасля чаго была адпушчаная пад падпіску аб нявыездзе і збегла з-пад нагляду спецслужбаў, таемна пакінула краіну і працягнула рэдагаваць сайт «Хартыя-97» з-за мяжы. У апошнія гады актыўна працаваў працаваў і Тэлеграм-канал «Хартыі».

svaboda.org